Пабачыла свет кніга нашага земляка Алеся Карлюкевіча “Дарогі да Паднябеснай”

Паліграфічны камбінат імя Якуба Коласа выдаў  кнігу  артыкулаў, эсэ, гутарак нашага земляка Алеся Карлюкевіча “Дарогі да Паднябеснай”, прысвечаную беларуска-кітайскім літаратурным сувязям.

Гэтай працы папярэднічалі многія гады зацікаўлення  аўтара кітайскай праблематыкай. Ён  не аднойчы наведваў Кітай, сустракаўся з сучаснымі кітайскімі пісьменнікамі, перакладчыкамі, літаратуразнаўцамі, выдаўцамі. Такія сустрэчы праходзілі і на пляцоўках кніжных выставак не толькі ў Кітаі, але і ў Беларусі, Расіі, Сербіі.

У кнізе — сустрэчы з дактарамі навук Чжан Хуэйцінь, Ся Чжунсянь, якія ў  Кітаі прапагандуюць беларускае пісьменства, робяць усё магчымае, каб слова беларускае стала вядомым у Паднябеснай. Алесь Карлюкевіч гутарыць і з вядомымі кітайскімі літаратарамі, і з беларускімі перакладчыкамі кітайскай літаратуры, стараецца не абмінуць ніводзін факт літаратурнага пабрацімства Беларусі і Кітая.

Многія   тэксты  кнігі   Алеся  Карлюкевіча “Дарогі да Паднябеснай”  вяртаюць нас да вытокаў развіцця беларуска-кітайскіх літаратурных сувязяў. Але ў большай ступені  пісьменнік, літаратуразнаўца вядзе размову пра сённяшнія прыклады вывучэння ў Беларусі кітайскай літаратуры, перакладчыцкую ўвагу да яе з боку сучасных беларускіх паэтаў і празаікаў. Як прыклад — апісанне серыі зборнікаў “Светлыя знакі: паэты Кітая”. А пачатак гэтага кніжнага праекта — у Выдавецкім доме “Звязда”. Зараз ім апякуецца выдавецтва “Мастацкая літаратура”. На беларускай мове, дзякуючы серыі, пабачылі свет кнігі паэзіі Ду Фу, Лі Бо, Ван Вэя, Ван Гаачжэня, Лі Цінчжаа, Сюй Чжымо, Мэн  Хаачжаня  і  іншых аўтараў з розных стагоддзяў.

Кніга “Дарогі да Паднябеснай” — па-свойму ўнікальная пляцоўка для развіцця інтарэсаў да кітайскай культуры, кітайскай літаратуры. Яе варта прачытаць усім, хто вывучае Кітай,   займаецца  кітаістыкай,   увогуле ўсходазнаўствам.

Сяргей  ШЫЧКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *