Падарылі свята
Аддзяленне прытулку ДУА «Пухавіцкі раённы сацыяльна-педагагічны цэнтр» у аграгарадку Дубраўка наведалі прадстаўнікі раённых службаў і арганізацый: райвыканкама, пракуратуры, раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, раённага аддзела ўнутраных спраў, упраўленне па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама і дабрачыннай арганізацыі.
Зараз у прытулку знаходзяцца шасцёра дзяцей. Самаму малодшаму з іх – тры гады. Дзеці тут знаходзяцца часова, пакуль вызначыцца іх далейшы лёс і работнікі прытулку робяць усё каб яны не адчувалі сябе пакінутымі. Дзеці чакалі гасцей і падрыхтавалі святочную праграму. Па традыцыі каля ёлкі з задавальненнем танцавалі з Дзедам марозам і Снягуркай, а пасля з радасцю атрымалі падарункі.
Як адзначыў намеснік старшыні райвыканкама Дзяніс Шырокі, гэта добра, што напярэдадні такога чароўнага свята як Новы год, дарослыя наведваюць такую установу і дораць дзецям хвіліны радасці, веру ў навагоднюю казку і адчуванне, што ўсё ў іх жыцці наладзіцца.
Анастасія ПЛЯТНЁВА.