Падведзены вынікі раённага агляду-конкурсу па добраўпарадкаванні машынных двароў
Ад таго, як абслугоўваецца тэхніка і ў якім стане яна знаходзіцца, у многім залежыць поспех гаспадаркі па выніках палявых работ. Гэтыя важныя крытэрыі журы таксама ацэньвала падчас раённага агляду-конкурсу па добраўпарадкаванні машынных двароў, гатоўнасці рамонтна-абслугоўваючых баз да работы ў зімовых умовах і машынна-трактарных паркаў да палявых работ. Сёлета ў параўнанні з мінулым годам тройка лідараў крыху змянілася.
— Стан машынных двароў і гатоўнасць базы сельгасарганізацый мы ацэньвалі па 26 паказчыках, — расказвае начальнік раённай інспекцыі Дзяржтэхнагляду Дзяніс Шырокі. — Звярталі ўвагу не толькі на стан тэхнікі і добраўпарадкаванне тэрыторыі, але і бытавыя ўмовы для работнікаў.
Другі год лепшым названы мехдвор ААТ “Голацк”. Яго можна лічыць узорным у нашым раёне: па выніках мінулага года мехдвор гаспадаркі заняў трэцяе месца ў рэспубліцы. Такога высокага ўзроўню яшчэ не дасягала ні адно сельгаспрадпрыемства Пухавіччыны.
На другім месцы, як і ў мінулым годзе, — мехдвор СУП “Дукора-Агра”. Сёлета гэта гаспадарка будзе ўдзельнічаць у рэспубліканскім аглядзе-конкурсе, паколькі ААТ “Голацк” было ў ліку пераможцаў у мінулым годзе.
За гэты год мехдвор СУП “Дукора-Агра ” прыкметна змяніўся. Пабудавалі мойку для тэхнікі, усталявалі новыя адкатныя вароты і шлагбаум. Значна палепшыліся бытавыя ўмовы: адрамантавалі душавыя, пакой для прыёму ежы і для адпачынку.
— Добрыя перамены за гэты год адбыліся дзякуючы нашаму кіраўніку Аляксандру Славікоўскаму, — расказвае галоўны інжынер Аляксандр Барычэўскі. — Шмат грошай было выдзелена на аднаўленне старой тэхнікі. Набылі і новую: выдаткавана 300 тысяч рублёў. Нам пашанцавала з інфраструктурай мехдвара: ёсць умовы для якаснага рамонту, уся тэхніка захоўваецца ў закрытых памяшканнях.
Рамонт сельскагаспадарчай тэхнікі ў гаспадарцы завершаны. Пасяўныя агрэгаты адрамантавалі, пафарбавалі і ўжо паставілі на лінейку гатоўнасці.
Навічок у тройцы лепшых мехдвароў раёна — сельгасфіліял “Дрычын”. Тут значна палепшылася інфраструктура: паклалі асфальт, зрабілі пляцоўку для мойкі тэхнікі і для захоўвання шын і металалому. Усе гэта ўдалося зрабіць дзякуючы дапамозе інвестара — ААТ “Мінскі малочны завод №1”.
— Згодна з рашэннем райвыканкама, па выніках агляду-конкурсу з лепшага боку адзначаны таксама сельгасфіліял “Чырвоны май” і ААТ “Племянны завод “Індустрыя”, — працягвае Дзяніс Шырокі. — Са свайго боку магу адзначыць добрую і якасную падрыхтоўку ААТ “Агра-Абярэг” і сельгасфіліяла “Светлая ніва”.
Вынікі рэспубліканскага конкурсу будуць падведзены напрыканцы зімы.
Кацярына ВЕРНІКОЎСКАЯ.