Падзяка за шматгадовую і добрасумленную працу
— За лічбамі — праца людзей, — кажа Людміла Краснік, вядучы эканаміст упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні раённага выканаўчага камітэта. — Менавіта таму я лічу, што мая работа, няхай і звязаная са статыстыкай, справаздачамі, зусім не сумная, як часам лічаць.
Ужо больш за 12 гадоў Людміла Васільеўна працуе на гэтай пасадзе і займаецца аналізам фінансава-гаспадарчай дзейнасці прадпрыемстваў аграпрамысловага комплексу нашага раёна. Яна знаходзіцца ў цесным кантакце са сваімі калегамі з сельгасарганізацый, заўсёды гатова знайсці адказы на любыя пытанні ці разам з імі шукаць гэтыя адказы. Агульныя намаганні накіраваны на тое, каб праца была арганізавана правільна, з найменшымі затратамі.
А яшчэ ў абавязкі Людмілы Васільеўны з першага дня яе на пасадзе вядучага эканаміста ўваходзіць падвядзенне вынікаў спаборніцтва паміж работнікамі АПК падчас пасяўных і ўборачных кампаній. Гэта даволі сур’ёзны аб’ём работы.
— Адразу было вельмі цяжка выбудаваць той алгарытм, які дазваляў бы максімальна аб’ектыўна параўноўваць працоўныя паказчыкі аграрыяў, — расказвае Людміла Краснік.— Зараз ужо ёсць неабходны вопыт, і ўсё гэта адбываецца значна хутчэй. Галоўнае, каб у маіх руках своечасова апынуліся дадзеныя з гаспадарак. Гэтую частку сваёй працы я асабліва люблю, таму што заўсёды прыемна называць перадавікоў. Прозвішчы многіх з года ў год паўтараюцца. Значыць, людзі проста не ўмеюць працаваць дрэнна. Але заўсёды знаходзяцца і новыя героі. Гэта, безумоўна, радуе.
А напярэдадні прафесійнага свята работнікаў сельскай гаспадаркі за Людмілу Васільеўну радаваліся калегі. Старшыня райкама прафсаюзаў работнікаў АПК Людміла Ленкавец уручыла ёй падзяку Мінскага абласнога камітэта прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу за шматгадовую і добрасумленную працу, а таксама за актыўны ўдзел у жыцці прафсаюзнай арганізацыі, членам якой Людміла Краснік з’яўляецца ўжо 35 гадоў.
Алена ІВАНОВА.