«Пафарбавалі» горад
Нядаўна адна за адной мне трапіліся на вочы дзве публікацыі пра людзей, якія імкнуцца зрабіць горад, у якім яны жывуць, лепшым. Гаворка, у прыватнасці, ішла пра ініцыятыўных жыхароў Магілёва і Гомеля. Пра звычайных людзей, якія маюць сваю асноўную працу, але, акрамя таго, імкнуцца нешта змяніць вакол сябе не скаргамі і наведваннем розных інстанцый, а сваімі рукамі ці з дапамогай такіх жа неабыякавых людзей.
Напрыклад, у Магілёве для гэтага нават стварылі Цэнтр гарадскіх ініцыятыў, куды цяпер можа прыходзіць са сваімі ідэямі любы чалавек. Так магіляўчане надумаліся праводзіць у горадзе «дранік-фэсты» (нідзе такога не сустрэнеце) і добраўпарадкавалі пад ідэю пакінуты гарадскі пляж. Не без дапамогі мясцовай улады, вядома, але па ўласнай ініцыятыве і сваімі рукамі. Цяпер у горадзе ёсць і пляж, і свята.
Актывісты з Гомеля нядаўна прапанавалі высадзіць у цэнтры горада ва ўпрыгожаных традыцыйным арнаментам клумбах сапраўдныя васількі. Самі набылі і самі высадзілі. Потым прэзентавалі неардынарны эскіз сімвала Гомеля — рысі, якая з лёгкасцю можа падарожнічаць па ўсім горадзе і радаваць гамяльчан.
Чаму я, спытаеце, пра гэта раптам загаварыла, бо мы ж не ў Магілёве ці Гомелі жывём? Ды таму, што жыць можна дзе заўгодна, і працаваць можна дзе заўгодна, і добрыя справы там жа рабіць. Геаграфія зусім не перашкода. Перашкода — наша нежаданне жыць лепш. Ці не: жыць лепш нібыта ўсе хочуць, але многія жадаюць, каб лепшым наша жыццё рабіў нехта іншы. А мы збоку пастаім. І “дзякуй” потым, магчыма, скажам. А, можа, і не скажам…
Такія невясёлыя эмоцыі і думкі прыходзяць на розум не выпадкова. На днях, прыйшоўшы на добраўпарадкаваны ўсяго пару тыдняў таму новы прыпыначны пункт для гарадскога транспарту ў Новай Зары, я ўбачыла размаляванае фарбай дэкаратыўнае шкло. Не, не расчараванне — літаральна гнеў адчулі пасажыры, бо разумеем, што выправіць нейчае “майстэрства” вельмі праблематычна.
А ўсё ж для людзей рабілася! І прыпынак гэты каля паліклінікі зрабілі, хаця адлегласць паміж дзвюма існуючымі прыпынкамі трэцяга не прадугледжвала. І шыльды з раскладам руху аўтобусоў прымацавалі. І нават павільёны ўстанавілі, каб ад дажджу мы хаваліся. Ці не заслужылі дарожнікі і камунальнікі нашага шчырага “дзякуй”?.. Але замест падзякі знайшліся варвары…
— Займацца добраўпарадкаваннем горада прыемна, таму што вынік працы будзе на агульную карысць, — кажа намеснік дырэктара УП «Жылцепласэрвіс» КГ Ірына Зянько. — Горад, раён становяцца прывабней, прыгажэй, камфортней, калі з’яўляюцца новыя вуліцы, рамантуюцца дарогі, усталёўваюцца малыя архітэктурныя формы, з’яўляюцца новыя кветкавыя кампазіцыі. Мы заўсёды спадзяёмся, што жыхарам падабаецца. Аднак, на жаль, вельмі часта замест падзякі сутыкаемся з праявамі варварства. І тады проста апускаюцца рукі, бо работа наша пера-крэслена. Складана зноў і зноў шукаць матывацыю для працягу працы, якая робіцца, зразумела, і не бясплатна…
У словах камунальнікаў я час ад часу чую літаральна адчай. І разумею, адкуль ён. Вось яшчэ адзін свежы прыклад. На вуліцы Ленінскай у гэтым годзе з’явіліся драўляныя кадкі: сёння міні-клумбы модныя ва ўсім свеце. Вырабленыя з прыродных матэрыялаў, такія кветачніцы карыстаюцца папулярнасцю. Шмат іх можна бачыць і на сталічных вуліцах. У кадкі садзяць кветкі і туі. Мы пасадзілі туі. Праз некалькі дзён з 15 зялёных дрэўцаў засталося ў жывых толькі тры. Адну тую забралі з кадкай. Як паднялі — не зразумела? Як і тое, дзе было пры гэтым сумленне…
З кветачніц некуды перасяліліся дзясяткі петуній. А вось каб самім нешта добрае зрабіць, жадаючых няшмат знойдзецца. Напрыклад, вясной камунальнікі набылі каля 700 саджанцаў дэкаратыўных кустоў. Звярнуліся да жыхароў некалькіх двароў з просьбай выйсці на суботнік і дапамагчы азеляніць тэрыторыі, высадзіўшы тыя саджанцы. Не атрымалася рэалізаваць ініцыятыву! Высаджвалі дворнікі. І даглядаць, каб прыжыліся, таксама давялося ім.
Такая ж, як з кветкамі ды кадкамі, сітуацыя з малымі архітэктурнымі формамі. Лаўкі з паркаў пастаянна знаходзяцца ў рамонце. Як і арэлі, і домікі з дзіцячых пляцовак. А яшчэ і агароджы.
— Некаторыя агароджы мы некалі ўсталёўвалі за свой кошт, — расказвае Ірына Васільеўна. — І зараз фарбуем таксама за свой, таму што грамадзяне адмаўляюцца. У гэтым годзе, напрыклад, пафарбавалі агароджы на вуліцах Калініна, Будзённага, Чырвонаармейскай і іншых.
Але самы вялікі аб’ём работ па добраўпарадкаванні горада ў гэтым годзе камунальнікі правялі ў Новай Зары. Перш за ўсё, уласнымі сіламі і сіламі работнікаў падрадных арганізацый была адрамантавана галоўная вуліца. Работнікі брыгады ўчастка “Добраўпарадкаванне” і рамонтна-будаўнічага ўчастка камунальнага прадпрыемства паклалі каля 2 кіламетраў дарожных бартоў. На вуліцы было зроблена і новае асфальтавае пакрыццё.
— Хацелася б адзначыць Юрыя Нікіціна, Дзмітрыя Варывончыка, Аляксандра Козырава, Міхаіла Нікіфарава, Сяргея Арлова і іншых работнікаў, якія працавалі аператыўна і добрасумленна падчас правя-дзення гэтых работ, — кажа Ірына Зянько. — Добрых слоў заслугоўваюць і работнікі па ўборцы дваровых тэрыторый.
Проста велізарны фронт работ быў выкананы камунальнікамі па будаўніцтве і азеляненні Алеі славы, якую адкрылі напярэдадні Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь у Новай Зары. Тое, якім прыгожым атрымаўся гэты куток горада, і іх заслуга.
На самай справе шмат робіцца для таго, каб горад быў прыгажэйшым. Аднак цяжка гэта рабіць, калі няма падтрымкі і жадання берагчы зробленае.
Алена ІВАНОВА.