«Паласатыя»… палі: такую тэхналогію ў раёне першымі асвоілі ў КСУП «Агра-Абярэг»

Майскія дні прыносяць нам самыя цудоўныя эмоцыі ад назірання за тым, як ажывае прырода пасля доўгай зімыА нядаўна я атрымала сапраўднае захапленне ад сузірання… «паласатага» поля.  Гэтыя жоўта-зялёныя фарбы на звычайным полі з’явіліся дзякуючы новаму метаду вырошчвання ранніх культур, які  ў сельскай гаспадарцы называецца «куліснымі пасевамі».

Здымак носіць ілюстрацыйны характар.

У нашым раёне такую тэхналогію першымі асвоілі ў КСУП «Агра-Абярэг» некалькі гадоў таму.

На «паласатых» палях высеялі свірэпіцу і жыта. У выніку  атрымліваецца адзін з самых ранніх відаў вясновага зялёнага корму.

У КСУП «Агра-Абярэг» пад такі спосаб вырошчвання адвялі 60 гектараў. Як толькі спыняцца  дажджы, прыступяць да іх ўборкі. Па тэхналогіі пачынаць скошваць «паласатыя» палі неабходна, як толькі заканчваецца цвіценне свірэпіцы, каб правільна нарыхтаваць сенаж, выканаць тэрміны і тэхналогію.

— Такі пажыўны зялёны корм мы плануем закласці ў сянажную траншэю на 700 тон на МТФ «Дудзічы», — расказаў галоўны аграном сельгасарганізацыі Максім Шабан. — Атрымліваецца пажыўны корм, які неабходны жывёле. Навукоўцы адзначаюць, што свірэпіца багата бялком, а азімае жыта з’яўляецца добрым пастаўшчыком цукру. Культуры гэтыя, пасеяныя ў  жніўні мінулага года, добра перазімавалі, таму разлічваем атрымаць ураджай, не ніжэйшы за леташні. А гэта 100-120 цэнтнераў з гектара.

Сумесь жыта і свірэпіцы — адзін з самых ранніх варыянтаў паўнавартаснай зялёнай падкормкі для буйной рагатай жывёлы, якая знаходзіцца на прывязным утрыманні. Для гэтага паспрабавалі вырошчваць культуры кулісным метадам і ў сельгасфіліяле «Чырвоны май». «Першы блін» не аказаўся камяком. Галоўны заатэхнік сельгасарганізацыі Таццяна Марцінчык адзначае, што ёсць павелічэнне вытворчасці малака. Таму ў наступным годзе плануюць павялічыць плошчы кулісных пасеваў.

Анастасія  ПЛЯТНЁВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *