Папяровыя карункі Дар’і Мананковай адзначаны на рэспубліканскім конкурсе юных майстроў «Беларуская выцінанка»
Калі я ў дзяцінстве выразала з простых белых сурвэтак сняжынкі на вокны перад Новым годам, я дакладна не ведала, што гэты занятак называецца выцінанкай і з’яўляецца не нашай выдумкай, а цэлым накірункам у народнай творчасці.
Аказваецца, «выцінаць» — значыць «старанна выразаць», «займацца чымсьці карпатлівым, што патрабуе вялікай увагі і стараннасці». Па сутнасці, выцінанка — гэта выразаныя з паперы арнаменты і ўзоры. Развівацца яна пачала яшчэ ў старажытным Кітаі, калі была вынайдзена папера.
Пачынаючы з XVI стагоддзя «мастацкае выразанне» стала вядома і ў Беларусі.
Яшчэ больш падрабязна расказаць вам аб гэтым напрамку творчасці і падзяліцца яго сакрэтамі могуць у цэнтры творчасці дзяцей і моладзі «Світанак», дзе аб’яднанні па інтарэсах «Народныя дзівосы» і «Папяровы свет» вядзе малады спецыяліст Ірына Гурэцкая, чыя выхаванка Дар’я Мананкова літаральна нядаўна атрымала дыплом 2-й ступені на рэспубліканскім конкурсе юных майстроў «Беларуская выцінанка».
— На самай справе і для мяне, і для Дар’і гэтая ўзнагарода вельмі значная, — кажа Ірына Гурэцкая. — Па-першае, мне прыемна як маладому спецыялісту, што мае выхаванцы за такі кароткі тэрмін сталі канкурэнтаздольнымі на прэстыжных конкурсах (да гэтага нас заўважылі з калектыўнымі працамі на конкурсе «Добры дзень, свет!»). Па-другое, мы бачым добрую перспектыву ў далейшым, таму што Дар’я выступіла проста выдатна, нягледзячы на вельмі кароткі тэрмін падрыхтоўкі да конкурсу.
Даша вучыцца ў 5 класе Мар’інагорскай сярэдняй школы №2. Выцінанкай займаецца першы год. Вядома, за некалькі месяцаў немагчыма асвоіць усе сакрэты справы, якая толькі на першы погляд здаецца такой простай. Скажаце, што любы зможа ўзяць ліст, скласці яго ў 2, 4, 6 і г.д. разоў і зрабіць па згібах разрэзы? Зможа. Але што атрымае на выхадзе? Проста нейкі мудрагелісты ўзор — не больш. А тут я бачу незвычайна прыгожыя арнаменты, карціны.
Аказваецца, беларуская выцінанка мае свае характэрныя асаблівасці і правілы. Трэба ўмець правільна скласці ліст, каб атрымаліся пэўныя прарэзы, трэба ўмець камбінаваць розныя фігуры (ромбы, трохкутнікі, кругі, пялёсткі, паўмесяцы), разумець, як спалучаюцца колеры, хаця іх звычайна выкарыстоўваюць не больш за тры. Трэба разумець і значэнне знакаў, вобразаў, сюжэтаў.
Важна для чалавека таксама ўменне па-майстэрску валодаць нажніцамі, нажом і нават часам скальпелем, а яшчэ цярпенне, акуратнасць. Але пра гэта і казаць не варта: зразумела ўсё па тым, што я бачу. Гэтыя дзіўныя карціны, якія мне паказалі Ірына і Дар’я, зроблены так тонка і дакладна, што без набору пералічаных якасцяў характару нават брацца за такую справу было б не варта.
Дар’я кажа, што занятак выцінанкай яе не стамляе. Наадварот, вельмі цікава, калі са звычайнага папяровага ліста атрымліваюцца сапраўдныя папяровыя карункі. І не проста карункі — карункі з глыбокім сэнсам…
Алена ШАНТЫКА.