Партызанская газета
Пухавіцкая раённая газета “За калгасы” з 1941 па 1944 год выходзіла ў партызанскай брыгадзе “Полымя” пад назвай “Партызан Беларусі” і з’яўлялася органам Пухавіцкага падпольнага РК КП (б). Выдавалася ў гады вайны на тэрыторыі раёна і яшчэ адна газета «Бальшавіцкі сцяг”, якая з’яўлялася органам Рудзенскага РК КП (б)Б.
Інфармацыя аб гэтым надрукавана на старонках раённай газеты ў 60-я гады. Аўтар публікацыі С. Паслядовіч, былы супрацоўнік газеты, расказваў, што ў маі 1943 года на тэрыторыі Гарэлецкага сельсавета пачала дыслацыравацца партызанская брыгада “Беларусь”, якую ўзначальваў Мікалай Пакроўскі. Партызаны прывезлі з сабой невялікую друкарню і наладзілі раз у тыдзень выпуск газеты “Бальшавіцкі сцяг”. Была створана невялікая рэдакцыя, члены якой збіралі неабходныя матэрыялы, друкавалі газету. Карэспандэнтамі былі М. Пакроўскі, П. Марозаў, Н. Ціханчык, П. Каско, В. Паслядовіч, А. Тарасаў і іншыя. С. Паслядовіч расказвае, што ён працаваў у якасці гравёра, выразаў з дрэва загалоўкі і клішэ. Цікавы той факт, што галоўным рэдактарам быў прызначаны Мікалай Сіротка, які да вайны працаваў рэдактарам газеты “За калгасы”. А Петр Каско ў 60-я гады быў карэспандэнтам пухавіцкай раённай газеты.
Партызанская газета расказвала аб дзейнасці партызанскіх атрадаў і злучэнняў, падпольшчыкаў, аб сітуацыі на фронце. Практычна ў кожным нумары друкаваліся карэкатуры Гітлера і фашыстаў. Рэдакцыя займалася і выпускам лістовак, якія распаўсюджваліся сярод насельніцтва. Таксама былі выдадзены зборнікі песень “На партызанскі лад”, “Мсціўцы”. Газета карысталася папулярнасцю не толькі ў партызан , але і ў мірных жыхароў. Людзі яе чакалі і перадавалі з рук у рукі.
Восенню 1943 года ў партызанскай друкарні быў выдадзеныі першы нумар газеты “Шлях сацыялізма” Мінскага падпольнага райкома партыі. Рэдактарам гэтай газеты быў былы старшыня Пухавіцкага райвыканкама Ахрамовіч.
Друкавалі і газету “Мінскі бальшавік”, орган Мінскага падпольнага гаркома партыі. Праз некаторы час рэдакцыі гэтых газет набылі сваё абсталяванне.
Вольга САВАСЦЮК.