Паспрабуем разабрацца, ці зроблена памылка на памятнай дошцы

У  раённы краязнаўчы музей звярнуўся чытач нашай газеты, які сцвярджаў, што на памятнай дошцы ў гонар Якуба Коласа, што аднавілі на будынку чыгуначнага вакзала ў Тальцы, зроблена памылка: напісана, што вёска Загібелька не існуе. Ён сцвярджае, што  побач з Новым  Уборкам  ёсць вёска, якую мясцовыя жыхары называюць ЗагібелькаПаспрабуем разабрацца.

Вёска Загібелька, у якой у 1935 годзе адпачываў Якуб Колас, знаходзілася паблізу Талькі, тры кіламетры на поўдзень. Жыў народны паэт у лясніка Волеся Бранавіцкага. І аднойчы напісаў, што  Загібелька для яго  лепш  Парыжу. У вёсцы было толькі чатыры двары і менш за два дзясяткі жыхароў. Існаваць яна перастала яшчэ да Вялікай Айчыннай вайны.

Зараз у спісе малых населеных пунктаў Пухавіцкага раёна вёска з назвай Загібелька не значыцца. Няма такой назвы на адміністратыўнай  карце раёна. Вядома, што “Загібелькай” мясцовыя жыхары называюць частку вёскі Новы Уборак. Але калі яе жыхары заглянуць у свае пашпарты, то пабачаць, што населены пункт, у якім яны пражываюць, называецца не так. І далёка гэтае месца ад Талькі. Не мог бы адтуль Колас пешшу прагульвацца да возера Грымячае (гэта вядомы факт).

Так што памылкі на памятнай дошцы няма. Вёска Загібелька, у якой адпачываў Колас, сапраўды не існуе.

Наталля  ПАРХОМЧЫК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *