Павіншаваць першых тысячнікаў прыехаў старшыня райвыканкама Сяргей Ленкавец
Першымі ў раёне на сёлетнім жніве пераадолелі мяжу намалоту збожжа ў тысячу тон камбайнеры ААТ “Голацк” Аляксандр Расолька, у экіпажы з якім працуе вадзіцель Яўген Кубры, і Мікалай Тарасевіч з сынам Ігарам. Па традыцыі павіншаваць першых тысячнікаў прыехаў старшыня райвыканкама Сяргей Ленкавец.
Ушанаванне герояў жніва адбылося ва ўрачыстай абстаноўцы ў прысутнасці ўсіх экіпажаў камбайнаў, што працавалі на полі.
Сяргей Дзмітрыевіч уручыў тысячнікам падзякі і грашовыя прэміі. Звяртаючыся да ўсіх удзельнікаў жніва, старшыня райвыканкама адзначыў, што ў ліку камбайнераў ААТ “Голацк” і іншых гаспадарак раёна працуюць сапраўдныя прафесіяналы, многім з якіх па сілах дасягнуць намалоту ў тысячу і больш тон. Ён пажадаў хлебаробам далейшых працоўных поспехаў, для чаго неабходны самаадданасць і вялікае цярпенне ў напружанай рабоце.
Падарункі ўдзельнікам жніва ўручылі старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Людміла Ленкавец і начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Кацярына Касмольская. Ансамбль Голацкага Дома культуры песняй пажадаў хлебаробам радаснага настрою ў працы.
Урачыстае ўшанаванне першых тысячнікаў жніва ў раёне адбылося ў аўторак, а ўжо на наступны дзень колькасць экіпажаў камбайнаў, намалот збожжа якіх перавысіў тысячу тон, павялічылася. Гэты працоўны рубеж пераадолелі экіпаж камбайна СУП “Дукора-Агра” ў складзе Мікалая і Сяргея Крукоўскіх, экіпаж з ААТ “Голацк” у складзе Алега Маркава і Рыгора Вярэніча, камбайнер ААТ “Агра-абярэг” Уладзімір Асіпук, камбайнер ААТ “Зазерка” Іон Панфіл, камбайнер ААТ “Племзавод “Індустрыя” Сяргей Ляшчынскі.
У пятніцу ў ліку вадзіцеляў, якія перавезлі ад камбайнаў на збожжаток больш за тысячу тон збожжа, уваходзіла 11 чалавек.
Андрэй МАЗАНІК.