Пераход на пашу дае плюс па малаку
На два тыдні пазней, чым у мінулым годзе, пачаўся пашавы перыяд у сельскагаспадарчых арганізацыях раёна. Халодная зацяжная вясна стрымлівала рост траў. Пашавы перыяд звычайна лічыцца часам, калі можна атрымліваць малако з найменшымі затратамі. У тых гаспадарках, дзе кіраўнікі і спецыялісты паклапаціліся аб шматкампанентных травах на пашах, аддача ўжо відавочная.
Штодня на палях раёна выпасаецца 62 гурты кароў і 5 гуртоў цёлак. З іх 32 і 5 гуртоў адпаведна — кругласутачна. На пашу пагалоўе буйной рагатай жывёлы пераводзілася паступова: на працягу 3-5 дзён.
Вядзецца франтальная пасьба. Абавязкова падвозіцца вада, соль, мінеральныя дабаўкі для жывёлы.
Вялікае пагалоўе выпасаецца ў КСУП «Зазерка»: 1700 галоў буйной рагатай жывёлы, 800 з якіх на пашы знаходзіцца кругласутачна. У КСУП «Агра-Абярэг» кругласутачна пасуцца 800 галоў БРЖ.
— Вытворчасць малака за 4 месяцы склала 106 працэнтаў да ўзроўню мінулага года, а прыбаўка ў кожнай сельгасарганізацыі па раёне ў сярэднім у суткі — 14,2 літра малака, — расказаў намеснік начальніка па жывёлагадоўлі ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Сяргей Ярашэнка. — Напрыклад, у «Агра-Абярэг» зараз у суткі ад каровы атрымліваюць 20,5 літра малака, у СГФ «Чырвоны май» — 19,4 літра, у СГФ «Светлая Ніва» — 17,4 літра.
Зараз неабходна наладзіць догляд за пашамі, своечасова падкошваць іх, каб трава хутчэй адрастала. Трэба строга прытрымлівацца тэхналогіі франтальнай пасьбы, сачыць за тым, каб жывёла атрымлівала неабходную колькасць зялёнай масы. Усе арганізацыйныя пытанні, звязаныя з летне-пашавым утрыманнем жывёлы, павінны своечасова вырашацца кіраўнікамі, спецыялістамі гаспадарак. І, вядома ж, у першую чаргу неабходна матэрыяльна стымуляваць пастухоў-даглядчыкаў, — адзначыў Сяргей Ярашэнка.
Анастасія ПЛЯТНЁВА.