Першае зерне новага ўраджаю трапіла ў бункер камбайна

 Гэта адбылося ў мінулы аўторак на полі азімага ячменю КСУП “Індустрыя-СХ”, якое жоўтым морам раскінулася на плошчы 127 гектараў.

— Колас ужо спелы, — адзначыў галоўны аграном гаспадаркі Васіль Бойка. — У такое сонечнае надвор’е вільготнасць блізка падышла да нормы для абмалоту. Таму мы вырашылі паступова  пачынаць, каб не страціць каштоўны час жніва. Накіравалі камбайн, каб абкасіць ускрайкі поля і пачаць абмалот. Зрабіць гэта даручана экіпажу камбайна GS-12.18 у складзе старшага камбайнера Дзяніса Манюка і Аляксея Бамбізава. На адвозку зерня ад камбайна накіраваны вопытны Васіль Драздоў на аўтамашыне МАЗ.

З гэтага поля ў гаспадарцы разлічваюць атрымаць добры ўраджай у 40 і больш цэнтнераў з гектара.

У лічаныя дні КСУП “Індустрыя-СХ” прыступіць і да абмалоту азімага рапса, агульная плошча палеткаў якога ў гаспадарцы складае 694 гектары. Для аператыўнай і якаснай уборкі гэтай алейнай культуры падрыхтавана 4 камбайны са спецыяльнымі сталамі.  Усяго на жніве ў гаспадарцы будзе задзейнічана 9 зернеўборачных камбайнаў.

Трэбы убраць ураджай зерневых і зернебабовых культур з агульнай плошчы 2718 гектараў.

Камбайнераў і іншых удзельнікаў жніва чакае вельмі напружаная і вельмі адказная работа: як мага хутчэй убраць ураджай і не дапусціць ніякіх яго страт. На гэтай задачы акцэнтавалі  ўвагу начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Пухавіцкага райвыканкама Аляксандр Маеўскі і старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Людміла Гулякевіч, якія прыехалі ў гаспадарку, каб павіншаваць хлебаробаў з пачаткам жніва. З пажаданнямі поспеху камбайнеры атрамалі падарункі, падрыхтаваныя райкомам прафсаюза работнікаў сельскай гаспадаркі.

Андрэй МАЗАНІК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *