Першыя камбайнеры-тысячнікі вызначыліся ў Пухавіцкім раёне
У мінулую нядзелю першую тысячу тон збожжа намалацілі адразу два камбайнеры ААТ «Зазерка» Сяргей Зароўны і Павел Навічыхін. Для Сяргея гэтае жніво – другое ў працоўнай дзейнасці. Сёлета маладому камбайнеру даверылі новы камбайн КЗС-3219 з дзевяціметровай жняяркай. На ім Сяргей і ўстанавіў свой працоўны рэкорд.
— Жніво вельмі няпростае, — кажа камбайнер-тысячнік. — Мы ўвесь час глядзім на неба, выязджаем прыхваткамі. Самы вялікі намалот адбыўся менавіта ўчора, калі я набраў 120 тон. Неба дазволіла і мы ўбіралі збожжа цэлы дзень.
Для Паўла Навічыхіна намалочаная тысяча тон збожжа таксама прыемная і доўгачаканая падзея. Для яго гэта сёмая ўборачная. Камбайнеры не хавалі радасных эмоцый, калі павіншаваць з першай намалочанай тысячай тон збожжа да іх у гаспадарку прыехалі старшыня райвыканкама Андрэй Атрушкевіч і начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Аляксандр Маеўскі. Словы віншавання першым тысячнікам у раёне прагучалі і ад кіраўніцтва гаспадаркі, першага сакратара раённага камітэта БРСМ Аляксандры Стош.
Анастасія ПЛЯТНЁВА.