Пра лета, хваробу і павагу да людзей
Лета, спякота, стомленасць ад захавання мер за-сцярогі ва ўмовах распаўсюджвання каранавіруснай інфекцыі — усё гэта сёння адлюстроўваецца ў нашых паводзінах, і асабіста мне гаворыць аб тым, што захворванне, якое забірае ў свеце сотні тысяч жыццяў, не з’яўляецца для многіх з нас урокам і прычынай хоць штосьці памяняць у сваіх звычках, у сваім стаўленні да жыцця…
Мне здавалася, што элементарныя правілы, звязаныя з дыстанцыраваннем, мыццём рук і нашэннем масак у людных месцах, стануць за час, што доўжыцца эпідэмія каранавіруса, настолькі натуральнымі, як жаданне піць, есці, прымаць душ. Аднак бачу, што не здарылася… Ці здарылася, але далёка не з усімі…
У вясенне-восеньскі перыяд у крамах, дзе прадаецца садовы інструмент, фарбы, іншыя будаўнічыя і гаспадарчыя тавары, звычайна шматлюдна: часта заглядваюць дачнікі, вяскоўцы, людзі, якія робяць рамонт у дамах або кватэрах. Вось і ў мінулую суботу ў краме «СтройГрад» (вуліца Выратавальнікаў) у гандлёвай зале быў проста аншлаг. А на касе — чарга. І ў ёй раптам разгарэліся не абы-якія страсці пасля таго, як адна з пакупніц заўважыла мужчыне, што стаяў ззаду, каб ён абазначыў дыстанцыю і не набліжаўся да яе.
Пакупнік так шчыра і так гучна стаў абурацца, што ў сітуацыю паспяшалі ўмяшацца ўсе, хто стаў сведкам размовы. Адны абаранялі жанчыну, якая, уласна кажучы, цалкам справядліва заўважыла, што «вісець» на папярэднім у чарзе чалавеку проста непрыстойна: у рэшце рэшт, у кожнага павінна быць асабістая прастора. Каму падабаецца, калі ў твой кашалёк заглядае незнаёмы чалавек?
Другія нечакана ўсталі на абарону мужчыны, паведаміўшы залішне асцярожным людзям, што каранавірус — гэта міф. А калі і не міф, то лік захварэўшых цудоўным чынам зніжаецца. Да таго ж, не было і няма ніякіх заканадаўчых актаў, якія абавязваюць насіць маскі і не стаяць побач. Ёсць толькі рэкамендацыі, якія выконваць не абавязкова.
Застаўшыся з падтрымкай, мужчына нават не варухнуўся, каб зрабіць крок назад…
— Такія сітуацыі ў крамах УП «Прамтэхсэрвіс» ужо не раз здараліся, — кажа намеснік дырэктара прадпрыемства Таццяна Семяняка. — Ды, думаю, і не толькі у нас. Але мы ўсё роўна прытрымліваемся разумнай палітыкі. Мы першапачаткова ўлічылі той факт, што ў нашых крамах заўсёды шмат людзей, і не так проста выконваць сацыяльную дыстанцыю. Клапоцячыся аб пакупніках і аб нашых супрацоўніках, мы бясплатна выдаём на ўваходзе ў магазіны маскі (а на касе можна купіць шматразовыя), просім грамадзян вытрымліваць сацыяльную дыстанцыю. Аднак часам сутыкаемся не з разуменнем і падзякай за клопат пра здароўе, а з сапраўднай агрэсіяй.
Гэта дзіўна для нас, таму што мы не жывём у адрыве ад рэчаіснасці і бачым, што людзі хварэюць. У тым ліку, і нашы работнікі. Чаму ж тады ўсім не задумацца аб тым, што не заканадаўча замацаваныя забароны нас ахоўваюць, а мы самі робім гэта, вызначыўшы для сябе прыярытэты: хварэць ці ўсё ж паберагчыся.
Напэўна, варта было б кіраўнікам усіх арганізацый і прадпрыемстваў быць больш патрабавальнымі да стварэння бяспечных умоў працы. Тады тыя магазіны альбо іншыя аб’екты, дзе настойліва прапануюць прытрымлівацца масачнага рэжыму, не ведалі б такіх сцэн. Больш за тое, выкананне правіл бяспекі ў агульных інтарэсах: захварэўшы, чалавек ідзе на працяглы баль-нічны (хвароба, плюс у выпадку яе цяжкага цячэння — перыяд рэабілітацыі).
Так, пагаджуся, даволі непрыемным можа быць факт адсутнасці работніка на працоўным месцы, бо камусьці давядзецца выконваць дадатковую працу. Але ўсё ж гэтыя цяжкасці — часовыя. А вось здароўе наша — гэта тое, што трэба берагчы пастаянна. Менавіта таму такой дзіўнай мне здаецца спрэчка пра неабходнасць выканання мер засцярогі падчас складанай эпідэміялагічнай сітуацыі. Але нават калі вы раптам так не думаеце, проста праяўляйце павагу да людзей, якія маюць не такія жыццёвыя прынцыпы. Паважайце другіх, і да вас тады таксама будуць ставіцца з павагай.
Алена ШАНТЫКА.