Прафсаюзныя лідары правялі маніторынг тэхнікі бяспекі і арганізацыі харчавання ў сельгасарганізацыях раёна

Перад пачаткам уборачнай кампаніі прафсаюзныя лідары правялі маніторынг тэхнікі бяспекі і арганізацыі харчавання ў сельгасарганізацыях раёна.

Для аграрыяў надыходзіць вельмі напружаны і адказны час — уборка ўраджаю. Каб жніво прайшло без здарэнняў, неабходна  забяспечыць высокую якасць уборкі і выкананне тэхналагічных патрабаванняў, праявіць  арганізаванасць і дысцыплінаванасць. І гэта залежыць ад кожнага ўдзельніка ўборачнай.

Андрэй Пінязік, Дзмітрый Клунко, Людміла Гулякевіч і Лілія Брандт. Фота: Анастасія Плятнёва

Напярэдадні гарачай пары  прафсаюзныя лідары правялі маніторынг у сельскагаспадарчых арганізацыях. Яны кантралявалі, як выконваецца тэхніка бяспекі на працоўных месцах, ці забяспечаны ўсім неабходным для паспяховай работы ўдзельнікі жніва, як арганізавана харчаванне і іншыя пытанні.

Завяршаюцца падрыхтоўчыя работы ў КСУП «Вецярэвічы». Першае, на што звярнулі ўвагу старшыня Пухавіцкага раённага аб’яднання прафсаюзаў Людміла Гулякевіч і старшыня раённага камітэта прафсаюза работнікаў АПК Лілія Брандт, — забеспячэнне камбайнераў спец-адзеннем, аптэчкай і пітной вадой. У час галоўнай сельгаскампаніі важным пытаннем з’яўляецца і харчаванне. Людміла Фёдараўна пацікавілася ў камбайнераў, як  справы з абедамі і падвячоркамі. Аказалася, што з гэтым усё нармальна. У гаспадарцы працуе свая сталовая, і гарачыя абеды дастаўляюцца прама ў поле.

Камбайны, якія будуць убіраць ураджай, атрымалі допуск на работу, прайшлі кантроль на магчымыя страты збожжа, які штогод праводзіцца перад  уборачнай кампаніяй.

Першы камбайн у КСУП «Вецярэвічы» ўжо выехаў у поле абмалочваць рапс. Усяго ж ва ўборачнай  будзе задзейнічана чатыры збожжаўборачныя камбайны. Трэба ўбраць на іх 1425 гектараў збожжавых і зернебабовых культур.

Прафсаюзныя лідары наведалі і мехмайстэрні «Васількі» ПСУ «Рудзенскае». Тут створаны нядрэнныя ўмовы не толькі для працы, але і для адпачынку. Ёсць пакой прыёму ежы, дзе можна  таксама адпачыць. Працуе душавая.

Некалькі пытанняў да ўдзельніка жніва-2022: Анатоль Піскун будзе ўбіраць хлеб з палёў ПСУ «Рудзенскае» трэці сезон. На час уборкі ён адкамандзіраваны з УП «Мінскметрабуд». У мінулым го-дзе на гэтым жа камбайне намалаціў тысячу тон збожжа. Працаваў разам з бацькам. А зараз  адзін.

— Справімся, — кажа камбайнер. — Наперадзе праца знаёмая і прыемная. Абы тэхніка не падводзіла.

У гаспадарцы ў полі будуць працаваць яшчэ тры збожжаўборачныя камбайны.

На машынным двары  КСУП «Зазерка» прафсаюзных лідараў сустракаў галоўны інжынер прадпрыемства Андрэй Пінязік.

— Чакаем, калі галоўны аграном дасць дабро, і адразу выяз-джаем, — кажа Андрэй Алегавіч. — У гэтым сезоне ўбіраць ура-джай будуць ужо сем камбайнаў: у  мінулым годзе мы набылі новы беларускі GS-1218. А на адвозцы збожжа будзе задзейнічана шэсць аўтамашын і трактар.

Для камбайнера Дзмітрыя Клунко гэта жніво юбілейнае — дзясятае. Да таго, як сесці за штурвал хлебаўборачнай тэхнікі, ён вазіў кармы на трактары.

— У гэтым годзе рамонт майго камбайна быў нязначны, — кажа Дзмітрый Аляксандравіч. — Добра разбіраюся ў тэхніцы, таму сам справіўся. Жніво я вельмі чакаю:  вырашчаны ўраджай убіраць — справа прыемная. Ды і добрая магчымасць зарабіць…

— Мы наведалі ўсе сельскагаспадарчыя арганізацыі раёна, — падводзячы вынік маніторынгу, адзначыла Людміла Гулякевіч. — Кіраўнікам сельгаспрадпрыемстваў  выдаем рэкамендацыі для ліквідацыі недахопаў. Наперадзе вельмі адказная і цяжкая работа. І калі кожны  будзе  няўхільна выконваць тэхніку бяспекі, не будзе і траўматызму на ўборцы ўра-джаю.

Анастасія  ПЛЯТНЁВА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *