Прыемны сюрпрыз: цікавае і захапляльнае падарожжа, прысвечанае беларускаму слову

Кожны раз з нейкай таямнічай і амаль сакраментальнай радасцю, з асаблівым хваляваннем супрацоўнікі Марінагорскай гарадской бібліятэкі чакаюць  21 лютага, калі адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. У  гэтым  годзе  бібліятэкары  падрыхтавалі  прэзент-акцыю «Вобразная, вольная, пявучая, мова беларуская мая», якая  працягнецца да 31 сакавіка.

Кожнае мерапрыемства, прысвечанае беларускаму слову, стала для нашых чытачоў сапраўдным адкрыццём, цікавым і захапляльным падарожжам. На дарослым абанеменце  бібліятэкар  Таццяна     Свірыдзенка запрасіла чытачоў прыняць удзел у літаратурным марафоне па творчасці  славутых пісьменнікаў Івана Мележа і Івана Шамякіна. Цікавасць у чытачоў вызвала стрыт-акцыя «Галасуй за любімую кнігу Івана Шамякіна». Лідарам сярод любімых кніг чытачоў з’яўляецца твор «Трывожнае шчасце».

Прыемным сюрпрызам для наведвальнікаў бібліятэкі стала экспрэс-віктарына «Вам знаёмы гэтыя радкі?».Чытачам неабходна было прачытаць цытату з вядомых твораў беларускіх пісьменнікаў і, па магчымасці, адгадаць, з якога твора гэты ўрывак.

На дзіцячым абанеменце бібліятэкар  Вольга  Кедыш  падрыхтавала для юных эрудытаў  лінгвістычную гульню «Мілагучныя словы беларускай  мовы»  па кнізе  Ірыны  Калачовай «Ад добрага кораня — добры парастак».

У чытальнай зале бібліятэкары запрасілі дзяцей стаць удзельнікамі арт-гульні «Расціце казкі ў душы». Атрымалася сапраўдная чытацкая лабараторыя:  дзеці рыхтавалі гульні па беларускіх казках.

Да навучэнцаў 1-2-х класаў СШ № 3 і гімназіі ў госці  завітаў кніжны дамавік Сымон са сваімі сябрамі — казачнымі героямі з кніг  беларускіх  пісьменнікаў. У ходзе гульні ўдзельнікі перакладалі словы з рускай мовы на беларускую, гулялі ў   «Салодкую казку», якую напісала дзіцячая пісьменніца, член Саюза пісьменнікаў  Беларусі  Вольга Савасцюк, адгадвалі па слоўным  апісанні жывёл, якія жывуць у кнігах Алеся  Карлюкевіча і Уладзіміра  Ягоўдзіка.

«Самае дарагое…» — пад такой назвай у межах акцыі для ўдзельніц «Клуба цікавых сустрэч» прайшла літаратурна-паэтычная сустрэча  з  мясцовым  паэтам  Уладзімірам  Рунцэвічам. Паэт, чалавек з чулай і глыбокай душой, падараваў прысутным імгненні радасці. Ён чытаў светлыя, сонечныя, прамяністыя вершы аб  сапраўдным простым чалавечым шчасці.

Актыўнымі ўдзельнікамі акцыі сталі юныя артысты бібліятэчнага тэатра «Усмешка», якія не толькі прымалі ўдзел ва ўсіх конкурсах і гульнях, прысвечаных папулярызацыі беларускага слова і творчасці беларускіх пісьменнікаў, але і падрыхтавалі два спектаклі па казцы Уладзіміра  Ягоўдзіка «Калі тупне зайка», па п’есе-казцы Пятра  Васючэнкі «Новы калабок», прэм’ера якой адбудзецца напрыканцы сакавіка.

Вікторыя  БУРЛАЧЭНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *