Пухавіччане дапамаглі знайсці жанчыну, якая заблукала ў лесе

Данііл Курленка

Да паведамленняў аб тым, што хтосьці знік у лесе, нават супрацоўнікам міліцыі і выратавальнікам прывыкнуць немагчыма. 

На жаль, нягледзячы на ​​тое, што людзей, якія згубіліся, заўсёды шукаюць, існуе і сумная статыстыка. Але сёння не пра яе. Нашы гісторыі, на шчасце, са шчаслівым канцом.

Адна з іх пачалася  30 ліпеня са звароту ў міліцыю жыхаркі вёскі Высокая Старына Галіны Андрэеўны. Яна паведаміла пра тое, што яе дачка Алена пайшла ў лес і не вярнулася.

У пошуку  жанчыны былі задзейнічаны супрацоўнікі міліцыі,  выратавальнікі, леснікі. Аднак ні 30 ліпеня, ні на наступны дзень жанчыну не змаглі знайсці.

1 жніўня да пошукавых мерапрыемстваў прыступілі 10 чалавек з пошукавага выратавальнага атрада «Анёлы». Менавіта да іх планавалі далучыцца курсант Магілёўскага інстытута МУС Данііл Курленка і ўчастковы  інспектар раённага аддзела ўнутраных спраў Сяргей Млынарчык.

— Мы разумелі, што прачэсванне лесу ланцугом хутчэй дасць вынік, чым калі ісці па адным і  наўздагад, — кажа Данііл Курленка.— Таму я і Сяргей рушылі да групы. І вось па дарозе да яе я павярнуў на правільную, як сёння разумею, сцежку. Выпадкова азірнуўшыся, я заўважыў жанчыну, якая сядзела на паваленым дрэве…

Данііл разумее: гэта сапраўды была выпадковасць, што ён змог яе заўважыць, таму што на крыкі і сігналы жанчына ўжо не рэагавала.

З лесу ратавальнікі выносілі яе на насілках. На шчасце, нягледзячы на ​​час, праведзены ў лесе без ежы, шпіталізацыя жанчыне не спатрэбілася.

Данііл, які праходзіць у дадзены час практыку ў аддзеле унутраных спраў, безумоўна рады, што змог стаць карысным у пошуку і выратаванні чалавека.

На жаль, гэта не адзіны выпадак, калі ў нашым раёне губляліся людзі. Двумя днямі раней ратавальнікі і міліцыянеры шукалі пенсіянераў у лясным масіве каля вёскі Каменка Блужскага сельсавета. Грыбнікі, праўда, хутка выйшлі на сігналы машын самастойна.

Супрацоўнікі МНС нагадваюць, што, згубіўшыся, перш за ўсё, паспрабуйце не панікаваць. Прыслухайцеся да гукаў, агледзьцеся вакол. Шум машын, гук сякеры, стрэлы, лай сабак, галасы людзей — усё гэта можа стаць арыенцірам. Як і дым, да якога патрэбна ісці супраць ветру. Можна таксама ісці ўніз па цячэнні рэк ці ручаёў. Пажадана пакідаць пасля сябе нейкія адмеціны: кавалачкі адзення, зарубкі на дрэвах, зламаныя веткі.
Алена ШАНТЫКА. 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *