Пухавіччанка атрымала ганаровае званне «Вучань года Мінскай вобласці-2020»
Кажуць, што адзін чалавек мала што вырашае. Для поспеху любой справы патрэбна каманда і калектыўная праца. Справядліва. І ўсё ж калі няма чалавека, здольнага павесці за сабой, узяць адказнасць за сябе і іншых, праявіць патрэбную ініцыятыву і аб’яднаць аднадумцаў, наўрад ці справа будзе ладзіцца…
Такім чалавекам у вучнёўскім калектыве Дубраўскай СШ з’яўляецца дзевяцікласніца Дар’я Дмітрачэнка, якую нядаўна ўсёй школай віншавалі з атрыманнем ганаровага звання «Вучань года Мінскай вобласці-2020» у намінацыі «Грамадская дзейнасць».
Падвядзенне вынікаў абласнога конкурсу «Вучань года Мінскай вобласці-2020», які прайшоў ужо шосты раз, упершыню адбылося ў анлайн-фармаце.
За перамогу ў конкурсе змагалася 112 школьнікаў сталічнай вобласці, але ўдастоіліся высокага звання «Вучань года-2020» толькі 25 чалавек. Гэта вучні, якія па выніках каляндарнага года з найлепшага боку праявілі сябе ў вучобе, спорце, грамадскай і навукова-практычнай дзейнасці на абласным, рэспубліканскім і міжнародным узроўнях.
Для ўдзелу ў конкурсе школьнікі прадстаўлялі на суд журы прэзентацыю сваёй працы і сваіх дасягненняў. Лепшых з лепшых вызначалі па традыцыі ў шасці намінацыях: вучэбнай, спартыўнай, грамадскай, творчай, праектнай і працоўнай дзейнасці.
Дзевяцікласніца з Дубраўскай СШ Дар’я Дмітрачэнка была названа лепшай у намінацыі «Грамадская дзейнасць».
Я сустрэлася з Дар’яй пасля ўрокаў. У чаканні званка паспела пагутарыць з дырэктарам школы Валянцінай Фёдараўнай Андрэевай, якая са шчырым задавальненнем расказала мне пра дзяўчынку, і пра тое, што яе ўзнагародай школа ганарыцца не менш, чым сама Дар’я.
— Мы ўпэўнены, што Дар’я, вучаніца маленькай сельскай школы, заслужыла перамогу ў прэстыжным вучнёўскім конкурсе, таму што яна сапраўды вельмі зацікаўлены, актыўны чалавек, які на працягу некалькіх гадоў з’яўляецца лідарам не толькі сярод аднакласнікаў, але і сярод сваіх аднагодкаў са школ раёна (Дар’я была членам раённай дзіцячай палаты піянерскай арганізацыі).
Выдатніца, спартсменка, валанцёр, член рэдкалегіі школьнай газеты «Дубравінка», старшыня школьнай арганізацыі РА «БРСМ», удзельніца КВЗ і член клуба «Эрудыт» — гэта ўсё, па словах Валянціны Фёдараўны, пра Дар’ю…
Калі пасля ўрокаў дзяўчынка прыйшла ў кабінет дырэктара, мне здаецца, я ўжо даведалася пра яе абсалютна ўсё. Ёй заставалася, бадай, расказаць толькі аб тым, якім чынам яна паспявае займацца такой колькасцю спраў, пры тым, што бал за вучобу ў яе блізкі да 9.
— Лёгка паспяваць, калі ты робіш тое, што табе падабаецца, і калі ты ў стане распланаваць свой час, — мудра заўважае Дар’я.
З самага дзяцінства дзяўчынка не хацела заставацца ў баку ад грамадскага жыцця, таму была абрана спачатку старшынёй піянерскай дружыны школы, а потым і сакратаром школьнай арганізацыі БРСМ.
— Я часта чую, што гэтыя вучнёўскія арганізацыі сёння не такія значныя і карысныя, як у той час, калі вучыліся ў школе нашы бабулі і дзядулі, таты і мамы, — разважае Дар’я.— Мне цяжка параўноўваць. Але і мы не сядзім без справы. Вучні старэйшых класаў па-сяброўску дапамагаюць малодшым школьнікам у вучобе, арганізуюць для іх розныя мерапрыемствы. Мы ўсе таксама займаемся валанцёрскай дзейнасцю: наведваем адзінокіх і пажылых людзей, аказваем па іх просьбах нейкую дапамогу. Па традыцыі на ўсе святы бываем дома ў настаўнікаў, якія працавалі ў школе, а таксама запрашаем іх на свае мерапрыемствы.
Мне, напрыклад, вельмі цікава займацца ў клубе «Эрудыт». У шосты школьны дзень мы часта збіраемся разам, каб трэніравацца, павышаць свой інтэлектуальны ўзровень і потым выдатна выступаць у гульні «Што? Дзе? Калі?».
А яшчэ Дар’я — член каманды клуба вясёлых і знаходлівых. Дзякуючы і яе пачуццю гумару, эрудыцыі, таленту ўпэўнена трымацца на сцэне, каманда школы не раз займала прызавыя месцы ў раённым конкурсе сярод каманд вясёлых і знаходлівых. Для сельскай школы гэта вельмі добры вынік.
Дар’я не першы год вядзе актыўную работу па зборы экспанатаў для школьнага этнагра-фічнага музея. Год таму дзяўчынка стала прызёрам раённай навукова-практычнай канферэнцыі з работай па даследаванні фальклорных традыцый населеных пунктаў сельсавета.
Паспявае Дар’я пабываць і ва ўсіх паездках (у цырк, дэльфінарый, тэатр), і на ўсіх экскурсіях, якія арганізуюць у школе.
Быць у цэнтры ўсіх падзей — гэта жаданне, гэта правіла, гэта прынцыповая пазіцыя школьніцы. Пры ўсім гэтым Дар’я вельмі сціплы і спакойны чалавек. І ў нейкі момант міжволі засумняваешся: а дзе ж хаваецца гэтая ініцыятыва, гэты багаты пералік інтарэсаў і жаданняў? Ці не перабольшана ўсё з таго, што я пачула?
Адказ для сябе я знаходжу ў словах дырэктара школы:
— У гэтым годзе Дар’я плануе пасля заканчэння 9 класа працягнуць вучобу ў каледжы, каб атрымаць спецыяльнасць і пайсці працаваць у банкаўскую сферу. І мы, шчыра жадаючы ёй поспехаў у рэалізацыі мары, загадзя хвалюемся за сябе: усё ж не ў кожным класе, не ў кожнай паралелі ёсць такія яркія асобы, поспехі і дасягненні якіх застаюцца ў гісторыі школы…
Алена ШАНТЫКА.