Пухавіччанкі атрымалі галоўную ўзнагароду за мацярынскую працу — ордэн Маці
«У нас ёсць яшчэ адна прычына ганарыцца нашай матуляй», — сказаў мне неяк сын шматдзетнай мамы, якой ўручылі галоўную ўзнагароду за яе нялёгкую мацярынскую працу. Я назаўжды запомніла гэтыя словы дзесяцігадовага хлапчука, які сапраўды ў той момант быў шчаслівы за маму…
Учора такая ж прычына для гонару з’явілася яшчэ ў 33 дзяцей, чые мамы згодна з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 6 мая 2021 года былi ўзнагароджаны ордэнам Маці. Уручэнне адбылося ў раённым выканаўчым камітэце. Шэсць пухавіччанак атрымалі свае ўзнагароды з рук старшыні райвыканкама Віктара Каляда.
Сярод узнагароджаных — Вольга Кікот, якая і сама выхоўвалася ў шматдзетнай сям’і. І, больш за тое, у яе бабулі было 11 дзяцей. Вольга Васільеўна ўпэўнена, што фундаментам шчаслівай сям’і з’яўляецца здольнасць маці бачыць і чуць кожнае дзіця, своечасова працягваць ім руку дапамогі, любіць сваіх дзяцей.
Вольга Комлік таксама выхоўвае пяцёра дзяцей. У вольны час яны ўсёй сям’ёй займаюцца алмазнай мазаікай. Складваюць карціны і дораць іх блізкім людзям. Усё гэта спрыяе згуртаванню сям’і, іх уменню працаваць у камандзе, а таксама гатоўнасці прыходзіць на выручку адзін аднаму.
Аксана Сцефаненка выхоўвае шасцёра дзетак. Старэйшыя заўсёды гатовы дапамагчы маці ў пытаннях выхавання і наглядзе за малодшай сястрычкай. У дзяцей Аксаны Фёдараўны ёсць агульнае хоббі: яны вельмі любяць фатаграфавацца.
У сям’і Алены Домніч — сямёра дзяцей. Галоўным прызначэннем жанчыны Алена Іванаўна лічыць клопат пра сям’ю, жаданне быць верным сябрам дочкам і сынам.
Марына Зубровіч стараецца, каб дзеці выхоўваліся ў атмасферы любові і павагі. Яна прывівае ім з дзяцінства навыкі працавітасці, вучыць іх ўзаемадапамозе, добрасумленнасці, адказнасці за свае учынкі.
Ксенія Кадоліч лічыць сваю сям’ю галоўным дасягненнем. Увесь вольны час яна прысвячае сваім дзецям, выхоўвае ў іх паважлівае стаўленне да дарослых. Дзеці захапляюцца гісторыяй, спортам і турызмам.
Усе мамы ўпэўнены, што быць мамай — гэта самая высакародная праца, за якую атрымліваеш і самую высокую ўзнагароду — дзіцячую любоў…
Алена ІВАНОВА.