Пухавіцкі калектыў у тэлепраекце “Наперад у мінулае”

Народны фальклорны калектыў “Зарачанка” і дзіцячы фальклорны калектыў “Зараначка”  Блонскага сельскага Дома культуры ў чарговы раз сталі ўдзельнікамі музычнага  тэлепраекта “Наперад у мінулае”. Яны запісалі дзве перадачы, у тым ліку і юбілейную, чатырохсотую!   У ёй калектыў выконвае песню “Ой, на гары ды дубіна”. Для другой перадачы запісалі абрад Купалле  — своеасаблівую візітоўку “Зарачанкі”.

— Перад тым, як запісаць праграму,  прысвечаную Купаллю, нам давялося правесці суботнік,  — расказала кіраўнік калектываў “Зарачанка” і  “Зараначка” Алена Петрусенка. — Важнай часткай  падрыхтоўкі стаў пошук месца для здымак. Зразумела, што дзея павінна адбывацца каля ракі. Адпаведнае месца патрэбна было не толькі знайсці, але і прывесці ў парадак. За дапамогай звярнуліся да старшыні Блонскага сельвыканкама Алены Гнядзько. Яна прапанавала некалькі варыянтаў на беразе Цітаўкі. Больш за ўсё спадабалася  паляна, якую жыхары аграгарадка Блонь выкарыстоўваюць як пляж. Але, на жаль, у месцах свайго адпачынку нашы людзі пакідаюць нямала смецця. І ўдзельнікам калектыву прыйшлося правесці там суботнік. З арганізацыяй пакосу травы дапамог сельвыканкам. Здымачнай групе месца спадабалася. І кадры атрымаліся сапраўды прыгожымі,  — падкрэсліла Алена Мікалаеўна.

Усім, хто займаецца вывучэннем і  захаваннем  народнай культуры, хочацца, каб цікаўнасць да яе была ў моладзі. Менавіта ў абрадах, звязаных з тымі ці іншымі жыццёвымі з’явамі, адчуваецца яе глыбіня, упэўнена Алена Мікалаеўна.  Сваім  важным жыццёвым дасягненнем  яна лічыць тое, што ў свой час атрымалася стварыць дзіцячы калектыў “Зараначка”. У 2021 го-дзе споўніцца 10 гадоў, як ён існуе. І ў калектыве ёсць дзяўчынкі і  хлопчыкі, якія наведваюць яго ўвесь гэты час. Сёння можна  ўжо сказаць, што абыякавымі да народнага мастацтва яны не будуць.

—  Так складваецца наша жыццё: цікаўнасць да некаторых рэчаў то з’яўляецца, то знікае. Датычыцца гэта і старажытных народных традыцый,  —  далей падзялілася сваімі думкамі Алена Петрусенка. — Абраднасць адыходзіць з жыцця. Калі мэтанакіравана не займацца зберажэннем пэўных элементаў народнай культуры, іх можна згубіць. Удзел у тэлепраекце “Наперад у мінулае” даў магчымасць не толькі паказаць, як святкавалі Купалле на Пухавіччыне, але і пакінуць гэта ў архівах,  што  дасць  магчымасць будучым даследчыкам працаваць з нашым, пухавіцкім, матэрыялам.

Наталля ПАРХОМЧЫК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *