«Пухавіцкія навіны»: 90 гадоў разам з чытачамі

Нашай  газеце споўнілася  90 гадоўУ яе   свая  гісторыя, свой лёс, які непарыўна звязаны  з лёсамі тысяч яе чытачоў, з лёсам  раёна, дзе размешчаны геаграфічны цэнтр Рэспублікі Беларусь. Журналістаў нярэдка называюць летапісцамі гісторыі. І з гэтым цяжка не пагадзіцца. Дастаткова ўзяць у рукі падшыўкі розных гадоў, і мінулае ажыве

Газета  па сваім змесце заўсёды адпавядала  сітуацыі ў раёне і ў краіне ў цэлым. Мы ўжо расказвалі пра тое, што спачатку яна выходзіла пад назвамі “Шлях калектывізацыі”, “За калгасы”, а ў гады Вялікай Айчыннай вайны   ў партызанскай брыгадзе “Полымя” — пад назвай “Партызан Беларусі”.

9 мая 1945 года   выйшаў дваццаты  нумар газеты “Сцяг   камунізму”,  і     прысвечаны ён быў  Вялікай  Перамозе.   Цікавы і той факт, што  з пачатку   трыццатых гадоў да 23 мая 1946 года  рэдакцыя і друкарня размяшчаліся ў Мар’інай Горцы  па вуліцы Савецкая, 19.  А з 2 чэрвеня —  па вуліцы Ленінская,60. З 26 чэрвеня абавязкі  рэдактара часова пачаў выконваць  Аляксандр Пісакоў. Газета  больш была подобная на лістоўку. Выходзіла на дзвюх старонках і заклікала людзей да стваральнай працы. Можна сказаць, выданне адпавядала сваёй назве. Большасць інфармацыі — пра стан спраў у калгасах: заклік больш вывозіць на палеткі арганікі, своечасова пачынаць  важныя  сельскагаспадарчыя работы.

Відавочна, што ў газеты было шмат пазаштатных аўтараў. У рэдакцыі пастаянна праводзіліся заняткі для  рабселькораў (рабочых і сельскіх карэспандэнтаў). На яе старонках друкаваліся паведамленні аграномаў, брыгадзіраў, простых калгаснікаў, камсамольскіх і партыйных работнікаў.   Прычым нямала было крытычных матэрыялаў. Газета паказвала  недахопы ў рабоце асобных калектываў, высмейвала лайдакоў. І, канешне, паказвала  ўсё лепшае, перадавое, што адбывалася ў раёне. А вось матэрыялы  пра падзеі  Вялікай Айчыннай вайны практычна адсутнічалі.  Гэта была балючая тэма.

Усе сілы людзей  у той час былі накіраваны на аднаўленне  разбуранай вайной гаспадаркі. Друкавалася  інфармацыя аб важных падзеях у краіне. Сустракаюцца і аб’явы. Напрыклад, аб прыёме навучэнцаў  у Мар’інагорскую сельскагаспадарчую школу. Сёння здаюцца дзіўнымі і нават смешнымі  аб’явы аб тым, што жыхар нейкага населенага пункта  вырашыў скасаваць шлюб са сваёй жонкай. Паведамляецца месца і дата, калі  заява будзе разглядацца.

Пад  назвай “Сцяг камунізму”  газета выходзіла  да канца 1961 года. Яе рэдагавалі Аляксандр  Пісакоў,  Іван  Легчанка, Мікалай Паўлічкаў.

Затым  газета стала называцца “Сцяг працы”. У розны час узначальвалі рэдакцыйны калектыў  Васіль Буры, Аляксандр Грышан,   Аляксандр  Ісачанка,  Браніслаў Яблонскі.

У 60-я гады мінулага стагоддзя  ў рэдакцыі газеты склаўся добры творчы калектыў, які ўзначальваў Аляксандр Грышан.   Былы супрацоўнік і добры сябра нашай газеты, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Браніслаў Зубкоўскі часта ўспамінаў гады сваёй працы ў “раёнцы”, сваіх былых калег. Разам з ім у рэдакцыі працавалі вядомы журналіст, літаратуразнаўца  Анатоль Ярохін, Генадзь Фінскі, Генадзь Партноў, Мікалай Чыбісаў. Людзі таленавітыя, якія па-сапраўднаму любілі сваю справу. Яны прымалі актыўны ўдзел у жыцці раёна. Напрыклад,   Генадзь Партноў узначальваў гарадскі клуб вясёлых і знаходлівых.

У  гэты час  газета выходзіць на новы ўзровень. Павялічваецца яе аб’ём, перыядычнасць выхаду. Становіцца  больш   разнастайнай тэматыкі, на старонках газеты з’яўляюцца новыя жанры. Хібы і недахопы тагачаснага жыцця адлюстроўваліся ў фельетонах,  карыкатурах. Быў створаны гумарыстычны раздзел.

Загадчык сельгасаддзела Генадзь Фінскі.

Газета праводзіла вялікую ідэалагічную работу, і на яе старонках часцей пачалі з’яўляцца матэрыялы пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны, успаміны  ветэранаў.  Была створана рубрыка “Раённая кніга народнай славы”, дзе друкаваліся матэрыялы аб героях  вайны.  Менавіта са старонак раённай газеты мы даведаліся пра лёс яе былых супрацоўнікаў Паўла Гармоцькі, Марыі Андросік, Мікалая Сіроткі, Івана Панкратава, Івана Пармона. У гэты час больш увагі надаецца  тэме адукацыі, будаўніцтва, прамысловасці.  Журналісты сталі часцей бываць у працоўных калектывах, праводзіць тэматычныя сустрэчы з чытачамі. На літаратурнай старонцы друкаваліся творы мясцовых аўтараў, была тэматычная старонка аматараў прыроды.

З кожным  годам  у  раёне  адбываліся станоўчыя перамены: раслі вытворчыя паказчыкі, будаваліся новыя прадпрыемствы, сацыяльныя аб’екты, жыллё. Усё  гэта  знаходзіла адлюстраванне на старонках  раённай газеты ў  70-я гады  мінулага стагоддзя.  Узначальваў творчы калектыў кандыдыт гістарычных навук, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны Аляксандр Ісачанка. Аляксандр Барысавіч карыстаўся вялікай павагай сярод людзей.  Акрамя баявых узнагарод ён меў узнагароды за добрую працу. Тройчы ўзнагароджваўся  ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР, меў медаль “За працоўную адзнаку”.

Пры рэдакцыі працавала школа рабселькораў, было створана літаратурнае аб’яднанне. Працавала з рабселькорамі  загадчыца   аддзела пісем і масавай работы Галіна Мазанік.

У гэты час я была старшакласніцай, вучылася ў Пухавіцкай сярэдняй школе  і таксама займалася ў школе рабселькораў.   У рэдакцыі заўсёды панавала творчая і вельмі добразычлівая атмасфера.

Рэдакцыя  дзяліла адзін будынак з друкарняй. Ён  знаходзіўся ў пачатку вуліцы Ленінскай, дзе потым пабудавалі аптэку. На старым лінатыпным абсталяванні збіраліся  газетныя радкі і цэлыя артыкулы.

У 1981 годзе  рэдактарам раённай газеты  “Сцяг працы” быў прызначаны Браніслаў Яблонскі. Праз некалькі гадоў раённыя газеты рэспублікі пачалі пераходзіць на афсетны друк. Газета набіралася на месцы, а вось  вярсталі нумар і друкавалі ў Мінску на фабрыцы “Чырвоная Зорка”,  што  дазволіла  значна палепшыць якасць друку.

Карэспандэнт Анна Яблонская і пазаштатны фотакар Кірыл Іваноў.

Я прыйшла на работу ў  рэдакцыю ў 1987 годзе.  Мне пашчасціла  працаваць побач з маёй  настаўніцай Галінай Мазанік. Заўсёды з цеплынёй успамінаю намесніка рэдактара Рэанальду Лукашэвіч і адказнага сакратара  Анатоля  Іўчанкава. Гэта былі мудрыя людзі, таленавітыя журналісты. У гэты час  тут быў даволі моцны журналісцкі калектыў. Алена Клімовіч, Мікалай Грыгаровіч, Аліна Грышкевіч, Таццяна Падаляк, Уладзімір Стрэльскі праз некаторы час сталі супрацоўнікамі рэспубліканскіх выданняў. Газеты Клецкага, Любанскага, Маладзечанскага раёнаў узначальвалі былыя супрацоўнікі пухавіцкай  “раёнкі” Іван  Габец,  Мікалай   Аленчык, Аляксандр Хазянін, Валерый   Паўловіч.    У  біяграфіі пісьменніка, лаўрэата прэміі  “За  духоўнае  адраджэнне” Алеся Карлюкевіча таксама  ёсць старонкі, звязаныя  з  пухавіцкай раённай газетай.

Раённая газета  дала пуцёўку ў журналістыку  многім пухавіччанам. Доўгі час пры газеце працаваў клуб юных журналістаў.  Многія з  яго  ўдзельнікаў потым паступілі   на  факультэт  журналістыкі  Белдзяржуніверсітэта.  Пасля заканчэння працавалі на беларускім тэлебачанні, у рэспубліканскіх газетах. А Кацярына Вернікоўская  вярнулася на працу ў родную  “раёнку”.

У 1991 годзе  газета  змяніла назву на сённяшнюю — “Пухавіцкія навіны” і пераехала ў новае памяшканне, дзе знаходзіцца і зараз. 90-я гады былі для  калектыву газеты вельмі складанымі, як і для ўсёй нашай краіны. У гэты час рэзка знізіўся тыраж газеты, пагоршылася яе фінансавае становішча.  Аднак калектыў  справіўся з гэтай складанай сітуацыяй.

Аператары камп’ютарнага набору і вёрсткі Галіна Вількот і Наталля Малахава.

Браніслаў Яблонскі  ўзначальваў рэдакцыю на працягу 28 гадоў.  У маі  2010 года  галоўным  рэдактарам газеты  прызначылі  мяне. 10 гадоў рэдактарскай працы для мяне праляцелі як адзін дзень.  Па выніках работы за 2010 год  газета атрымала прыбытак, і з таго часу ні разу не атрымлівала датацыю з бюджэта. Я ўдзячная сваім калегам, якія  агульнымі  намаганнямі вывелі газету на новы ўзровень.  За дзесяць гадоў  яна  6 разоў станавілася лаўрэатам Нацыянальнага конкурсу сродкаў масавай інфармацыі “Залатая Літара”. А ў 2019 годзе мы сталі пераможцамі гэтага  галоўнага для журналістаў краіны конкурсу. Кожны год  наш калектыў быў у ліку лаўрэатаў і пераможцаў абласнога конкурсу сярод сродкаў масавай інфармацыі.  У архіве рэдакцыі шмат іншых узнагарод. Гэта высокая ацэнка працы журналістаў, якія ў розныя часы звязалі свой лёс з раённай газетай.

Сёння яна  знаходзіць усё больш сваіх чытачоў на  прасторах інтэрнэту. У газеты ёсць свой сайт, групы ў сацыяльных сетках. Але ж як прыемна дастаць з паштовай скрынкі свежы нумар газеты, які яшчэ   пахне  тыпаграфскай  фарбай, і з цікавасцю разгарнуць, каб даведацца аб новых  падзеях з  жыцця  раёна.

З восені мінулага года галоўным рэдактарам раённай газеты працуе Наталля Пархомчык. Сёння калектыў знаходзіцца ў няпростых умовах. У рэдакцыі не хапае кадраў. Не падумайце, што перавяліся журналісты або яны  не хочуць працаваць у нашай газеце. Пяць супрацоўніц рэдакцыі  сталі мамамі  і   знаходзяцца  ў адпаведным адпачынку! А, значыць, праз некаторы час яны вернуцца  на працу з новымі сіламі, новымі ідэямі. А новае — заўжды на карысць. Хочацца верыць, што наперадзе ў нашай газеты яшчэ доўгі шлях.

Вольга  САВАСЦЮК.

Здымкі розных гадоў з архіва рэдакцыі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *