Работнікі ПСУ “Рудзенскае” далучыліся да рэспубліканскай прафсаюзнай акцыі “Наш жывёлавод”

Таіса Лапко віншуе жывёлаводаў Мікалая Літвіна і Дзмітрыя Кахновіча.

Прыезд на ферму кіраўніка гаспадаркі разам з прафсаюзнымі лідарамі раёна і сельгасарганізацыі звычайна адбываецца з  добрай нагоды. У гэтым пераканаліся работнікі ПСУРудзенскаеУПМінскметрабуд”. Яны далучыліся да рэспубліканскай прафсаюзнай акцыіНаш жывёлавод”.

Дырэктар гаспадаркі Ігар Бабярэнка, старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Людміла Ленкавец і старшыня прафкама гаспадаркі Таіса Лапко наведалі  малочнатаварныя фермы “Крыніца” і “Русаковічы”.

Работнікі жывёлагадоўлі ў мінулым годзе спрацавалі лепш, чым у 2016 годзе. Надой на карову на МТФ “Русаковічы” склаў 5231 кілаграм (у 2016 годзе — 4251 кілаграм), на МТФ “Крыніца” — 4734 кілаграма (у 2016 годзе — 4449 кілаграмаў). Валавы надой малака па гаспадарцы склаў  3339805 кілаграмаў (плюс 523506 кілаграмаў да 2016 года).

Жывёлавод Андрэй Рагатка і аператар машыннага даення Ірына Ніканорава.

Не першы год на перадавых пазіцыях сярод аператараў машыннага даення Ірына Ніканорава, якая працуе на МТФ “Крыніца”. Надой на карову ў 2017 годзе ў групе Ірыны Аляксанд-раўны склаў 5143 кілаграма. Гэты лепшы вынік у гаспадарцы. За дасягненне высокіх вытворчых паказчыкаў і добрасумленныя адносіны да выканання сваіх абавязкаў Ірына Ніканорава атрымала падзяку ад прэзідыума Пухавіцкага райкама работнікаў АПК і падарунак.

На гэтай жа ферме Людміла Ленкавец павіншавала жывёлавода Андрэя Рагатку.

Сярод калектыву МТФ “Русаковічы” ў рамках акцыі былі адзначаны жывёлаводы Мікалай Літвін і Дзмітрый Кахновіч. Для іх падзякі і падарункі былі  нечаканымі.

Дзмітрый Кахновіч на ферме працуе амаль год. Малады чалавек скончыў будаўнічы  ліцэй у Праўдзінску, але на практыку вырашыў прыйсці ў сельгаспрадпрыемства.

— Тут і застануся пасля практыкі, — гаворыць Дзмітрый. — Я жыву ў Русаковічах, маці і брат  таксама калісьці працавалі  на гэтай  ферме. Я даглядаю буйную рагатую жывёлу.

Малады чалавек сказаў, што на ферме створаны добрыя ўмовы для працы, яму падабаецца калектыў.

Кацярына ВЕРНІКОЎСКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *