Рапс і ячмень — ужо ў засеках
У гэтым годзе надвор’е нібы выпрабоўвае хлебаробаў на трываласць. У час, калі наліваўся колас, стаяла спёка. А зараз, у час жніва, дажджы перашкаджаюць убіраць збожжа. Вось ужо трапна кажа народная мудрасць: “Дождж ідзе не тады, як просяць, а як жнуць і косяць”. І усё ж аграрыі стараюцца выкарыстоўваць кожную пагодлівую гадзіну, каб убраць вырашчанае.
У ААТ «Энергія Агра» 960 гектараў азімых збожжавых і 140 гектараў яравых культур. Першым пачалі ўбіраць азімы ячмень, які займаў 228 гектараў.
Ва ўборачнай кампаніі ў гаспадарцы сёлета задзейнічана тры камбайны айчыннай вытворчасці і тры аўтамашыны на адвозцы збожжа. Нагрузка на камбайн вялікая — 400 гектараў. Але па вопыце мінулага года, калі здолелі не толькі на сваіх палях убраць ураджай, але яшчэ і аказаць дапамогу суседзям, можна спадзявацца, што з уборкай справяцца.
— Кожны сезон нам дапамагае Валерый Шклянко, які, змяніўшы асноўнае працоўнае месца, садзіцца за штурвал хлебаўборачнай тэхнікі, — адзначае дырэктар ААТ «Энергія Агра» Вадзім Сокал. — Вопытныя і адказныя камбайнеры Ігар Шульжыцкі і Сяргей Шафіраў.
У гаспадарцы ўжо выканалі дзяржзаказ па рапсе, які складаў 60 тон. Больш за запланаваныя 70 тон здалі азімага ячменю. Акрамя таго, у засекі дзяржаве аграрыі сельгасарганізацыі плануюць засыпаць яшчэ 200 тон жыта і 350 тон пшаніцы. Следам за камбайнамі працуе адразу тры прэс-падборшчыкі. Адначасова з уборкай вядзецца ворыва пад азімы рапс. Ужо зааралі больш за палову з запланаваных 250 гектараў.
— У мінулым годзе падчас жніва дажджоў не было, і мы ні разу не прастойвалі, — успамінае Вадзім Сокал. — Сёлета жніво няпростае, даводзіцца падладжвацца пад надвор’е. Але мы не губляем надзеі на тое, што яно нарэшце будзе добрым і не дасць зерню абсыпацца.
Анастасія ПЛЯТНЁВА.