Раённы конкурс прафесійнага майстэрства вызначыў лепшых

Пераможцы конкурсу Вольга Фіневіч, Таццяна Моўчан і Ганна Шаўцова.

Раённы конкурс прафесійнага майстэрства абяднаў у сераду дваццаць шэсць тэхнікаўасемянатараў з усіх гаспадарак Пухавіччыны. Ён прайшоў у Марінай Горцы на базе цэнтра падрыхтоўкі, павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі рабочых упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама.

Судзейская калегія ў складзе спецыялістаў райплемстанцыі і райветстанцыі ацэньвала  тэарэтычныя веды канкурсантаў. Кожны тэхнік-асемянатар выконваў невялікае практычнае заданне. Таксама пэўную колькасць балаў суддзі налічвалі за выхад цялят на сто кароў, які быў атрыманы тэхнікам-асемянатарам па выніках мінулага года.

Для большасці ўдзельнікаў гэта быў не першы конкурс прафесійнага майстэрства, але хваляваліся ўсе. Пасля заканчэння выканання заданняў калегі з розных гаспадарак дзяліліся эмоцыямі і гаварылі пра праблемы.

— Усе заданні тычыліся нашай працы. Асабіста мне было цікава праверыць  свае веды, — гаворыць Ірына Сімаковіч з ААТ “Племянны завод “Індустрыя”. — У прафесіі я ўжо сем гадоў.

Практычнае заданне выконвае Таццяна Макавец.

Дыпломы атрымалі ўсе ўдзельнікі конкурсу.  Пасля тройку лепшых аб’явіла начальнік  РУСП “Мінскае племпрадпрыемства” філіял “Пухавіцкая райплемстанцыя” Таццяна Рамановіч. Трэцяе месца заняла Ганна Шаўцова з ЭБ “Зазер’е”, другое — Вольга Фіневіч з ААТ “Аграсімвал”. Пераможцам раённага конкурсу не першы год стала Таццяна Моўчан з ПСУ “Ру-дзенскае”. Лідары атрымалі падарункі ад райкама прафсаюза работнікаў АПК.

Таццяна Моўчан працуе тэхнікам-асемянатарам  ўжо 35 гадоў.  Яна, жыхарка сталіцы, у свой час вырашыла звязаць жыццё з сельскай гаспадаркай. Скончыла тэхнікум у Смілавічах, прыехала ў Рудзенск. Спачатку працавала загадчыцай фермы. Пасля стала тэхнікам-асемянатарам і ўжо шмат гадоў адказвае за ўзнаўленне статку на МТФ “Крыніца”.

Вольга Фіневіч у ААТ “Аграсімвал” працуе асемянатарам 19 гадоў. Цяпер абслугоўвае каля 850 галоў.

— У “Зазер’і” я працую больш адзінаццаці гадоў, — далучаецца да размовы  Ганна Шаўцова. — Работа ў нас цяжкая.  Мужчынам было б лягчэй, але яны ўсё радзей выбіраюць такую прафесію.

Памятныя падарункі атрымалі таксама самыя маладыя тэхнікі-асемянатары Таццяна Макавец з сельгасфіліяла “Дрычын” і Таццяна Папко з ПСУ “Рудзенскае”.  Таццяну Дзівіцкую з ААТ “Агра-Абярэг” адзначылі як адну з самых вопытных канкурсантак.

Яшчэ адным бонусам  стане хадайніцтва райплемстанцыі перад упраўленнем сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама аб павышэнні класнасці спецыялістам-удзельнікам конкурсу: экзамен яны вытрымалі.

Кацярына  ВЕРНІКОЎСКАЯ.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *