Раённы турыстычны злёт сабраў аматараў актыўнага адпачынку
І дажджу, і сонца, і добрага настрою… Усяго гэтага хапіла ўдзельнікам раённага турыстычнага злёту, які традыцыйна сабраў у Падбярэжжы аматараў актыўнага адпачынку. Сярод іх — працаўнікі прамысловых і сельскагаспадарчых прадпрыемстваў нашага раёна. Апошніх, дарэчы, у гэтым годзе была пераважная большасць.
— Сёлетні турзлёт прайшоў у некалькі незвычайным фармаце, — расказвае галоўны суддзя спаборніцтваў Сяргей Махнач. — Па-першае, сапраўды нязвыкла мала прыехала каманд ад прамысловых прадпрыемстваў: усяго чатыры. Прычыны не прыняць удзел ва ўсіх, хто не даехаў, былі свае. У тым ліку і аб’ектыўныя, якія тычацца вытворчых пытанняў. Але агульная колькасць удзельнікаў (13 каманд) аказалася збалансавана камандамі сельгасарганізацый, якія раней спаборнічалі асобна. Тэрміны турзлёту па гэтай прычыне мы перагледзелі і скарацілі праграму да двух дзён, таму што надалей адарваць аграрыяў ад вытворчых работ улетку недапушчальна. Мы пастараліся ўкласціся ў адведзены час. Але, калі шчыра, яго для паўнавартаснага правядзення турзлёту крыху не хапіла.
Час спаборніцтваў быў распісаны літаральна па хвілінах. І толькі дзякуючы вопыту ўдзельнікаў сціслыя тэрміны не адбіліся на працэсе. Усё было арганізавана, без мітусні і блытаніны.
На высокім узроўні прайшлі асноўныя турыстычныя спаборніцтвы — праходжанне турыстычнай паласы і спартыўнае арыентаванне. Упершыню выкарысталі электронную сістэму суправаджэння на этапах. Удзельнікі з чыпамі былі на трасе, а на экране можна было назіраць, дзе і ў якім месцы знаходзяцца члены каманд. З асноўнымі відамі праграмы лепш за іншых справіліся каманды Мар’інагорскага аграрна-тэхнічнага каледжа і ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама (першае месца ў спартыўным арыентаванні), УП “Жылцепласэрвіс” КГ і ААТ “Голацк” (турыстычная паласа).
Упершыню ў гэтым годзе з моманту заезду каманд у Падбярэжжа рабіліся фотаздымкі, на якіх зафіксаваны эпізоды ўладкавання палатачных лагераў. Да вечара ўжо была гатова мультымедыйная прэзентацыя. Атрымалася цікава. І на памяць нешта застанецца.
Вельмі цікава прайшлі ў гэтым годзе творчыя конкурсы: прэзентацыі каманд, абарона лагераў, конкурсы песень, газет. Кожная каманда паспрабавала не толькі якасна ўладкаваць побыт (гэта зрабілі абсалютна ўсе ўдзельнікі), але і падысці да гэтага пытання творча. На падворку ААТ “Голацк”, напрыклад, быў арганізаваны гістарычны куток з рарытэтным рыбаком, які суправаджае каманду шмат гадоў. А на тэрыторыі лагера аграрна-тэхнічнага каледжа гасцей сустракалі каларытныя Дзед і Баба, якія таксама ўжо сталі візітнай карткай каледжа. Дарэчы, Дзеда і Бабу з задавальненнем запрашалі пагасцяваць у сябе многія каманды: сэлфі з гэтай парачкай кожны хацеў пакінуць на памяць.
Гаворачы аб выніках, трэба адзначыць, што лепш за ўсіх абаранілі лагер каманды ЗАТ “Август-Бел”, УП “Жылцепласэрвіс” КГ , упраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама, ААТ “Голацк” (усе — першыя месцы). Лепш за ўсіх праспявала песню каманда Пухавіцкага РЭС, а паказала лепшую праграму мастацкай сама-дзейнасці каманда ААТ “Голацк”. Візітная картка ЗАТ “Август-Бел” парадавала ўсіх членаў журы. А газета атрымалася самай цікавай у турыстаў з упраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама.
Не абышлося на турзлёце і без валейбольных баталій. Ва ўпартай барацьбе першымі сталі каманды каледжа і ЗАТ “Август-Бел”.
Падлічыўшы балы за ўсе этапы, вызначылі самых лепшых. У гэтым годзе гэта каманды ЗАТ “Август-Бел”, упраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама і УП “Жылцепласэрвіс” КГ (сярод калектываў па фізічнай культуры), а таксама Мар’інагорскага аграрна-тэхнічнага каледжа, ТАА “Бел-экатэхніка”, ААТ “Голацк” (сярод членаў беларускага прафсаюза работнікаў АПК).
Зрэшты, месцы, як сцвярджаюць многія ўдзельнікі турзлёту, — не галоўнае. Напрыклад, у камандзе з Голацка мне сказалі, што не за месцам прыехалі ў Падбярэжжа, хаця змагацца будуць на ўсе сто працэнтаў. Прыехалі за пазітывам. І назву такую далі камандзе. Вось так, на пазітыве, і правялі два “ўлётныя” дні.
Турзлётаўскі пазітыў, на самой справе, — эмоцыя не на адзін дзень. У камандзе УП “Жылцепласэрвіс” КГ, напрыклад, дзякуючы турзлёту ўтварыліся дзве сямейныя пары. Адны пазнаёміліся на абласным спаборніцтве на Нарачы, а другія (Ірына і Аляксей Рэйн) — у Падбярэжжы. І ў гэтым годзе яны таксама прыехалі абараняць гонар каманды, нягледзячы на тое, што ў Аляксея быў дзень нараджэння. А, можа, менавіта таму і прыехалі: дзе лепш адзначыш свята, калі не сярод сяброў?!
Алена ШАНТЫКА.