Разам чакаем адкрыцця стадыёна!

Вялікі футбол вяртаецца на гарадскі стадыён! 24 ліпеня першую ў гэтым сезоне гульню на хатнім полі правядзе футбольная каманда “Вікторыя”, якая прадстаўляе наш раён у чэмпіянаце рэспублікі (2-я ліга). Пухавіччане, перапыніўшы серыю выязных гульняў, прымуць у Мар’інай Горцы каманду  “Партызан”  з Салігорска і паспрабуюць умацаваць сваю чацвёртую пазіцыю ў турнірнай табліцы, на якой нашы футбалісты замацаваліся па выніках першага круга чэмпіянату.

Адкрыцця пасля рамонту гарадскога стадыёна, зрэшты, чакаюць не толькі футбалісты. І яно адбудзецца напярэдадні Дня горада. Тут пройдуць маштабныя святочныя мерапрыемствы, якія падвядуць вынік вялікай працы, зробленай прадстаўнікамі розных арганізацый раёна і падрадных арганізацый з Мінска.

— Рамонт стадыёна пачаўся з прычыны таго, што Беларуская федэрацыя футбола падарыла нам сучаснае штучнае пакрыццё  для футбольнага поля, — расказвае намеснік дырэктара ФАЦ “Вікторыя” Ірына Белашэдава. — Першымі да работ прыступілі прадстаўнікі філіяла КУП “Мінскаблдарбуд”-“ДРБУ № 169”. Яны дэмантавалі стары газон і правялі падрыхтоўку для ўкладкі новага. Гэта была, можна сказаць, ювелірная праца, таму што паверхня поля павінна была атрымацца ідэальна роўнай.

Пасля адпаведных заключэнняў аб гэтым да працы прыступіла спецыялізаваная арганізацыя ПУП “Гровік”. Складанасць працэсу ўкладкі заключалася не толькі ў тым, каб сфармаваць сам газон. Больш за ўсё намаганняў прыкладзена для яго ўтрамбоўкі, абкаткі. На паверхню газона наносілі спецыяльны кварцавы пясок, прывезены з Валгаграда. Для таго, каб пясок прасеяўся скрозь газон, поле ў літаральным сэнсе «расчэсвалі», а потым наносілі  гумовую крошку. Каб і яна лягла, як патрабуецца па тэхналогіі, на новым газоне праводзілі трэніровачныя футбольныя матчы. У тым ліку гульні чэмпіянату раёна па футболе.

Рамонт прадоўжыўся дэмантажом бегавой дарожкі. Асфальтавае пакрыццё паклалі таксама работнікі філіяла КУП “Мінск-аблдарбуд”-“ДРБУ № 169”.

Не засталася без змен і пляцоўка перад футбольным полем. Яе ператварылі ў варкаўт-пляцоўку. Абсталяванне паставіла ТАА “Альфа-спорт”. Ёсць упэўненасць, што новае абсталяванне будзе ацэнена аматарамі спорту і здаровага ладу жыцця.

Адрамантаваны быў і цэнтральны ўваход на стадыён, якім з-за адсутнасці паркоўкі ля брамы не карысталіся. Адноўлены прыступкі, пасаджаны зялёныя насаджэнні.

Акрамя таго, адрамантаваны або заменены сядзенні на трыбунах, пафарбавана агароджа.

Зразумела, што каб правесці такі аб’ём работ у сціслыя тэрміны, былі прыцягнуты работнікі розных арганізацый раёна.

— Вялікую дапамогу ў вырашэнні фінансавых, арганізацыйных работ нам аказалі ў ДП  “УКБ Пухавіцкага раёна”, ДУ “Пухавіцкі раённы цэнтр па забеспячэнні бюджэтных арганізацый”, раённым выканаўчым камітэце, — расказвае Ірына Анатольеўна. — З забеспячэннем неабходным будаўнічым матэрыялам нам дапамагалі работнікі Мар’інагорскага завода жалезабетонных вырабаў, Пухавіцкага лясгаса, прыватнага прадпрыемства “БЕЛ-ГЛАЗГАНДАЛЬ”, УП “ПрамТэхСэрвіс”. На стадыёне працавалі таксама работнікі камунальнага прадпрыемства «Жылцепласэрвіс», да якіх далучаліся прадстаўнікі навучальных устаноў раёна, вайскоўцы, супрацоўнікі РАНС.

Вынік усёй праведзенай работы — адноўлены стадыён, дзе зноў будуць ладзіцца спаборніцтвы і  праходзіць  маштабныя мерапрыемствы раённага значэння. І першым стане ўрачыстае адкрыццё, на якое за-прашаюцца ўсе жадаючыя.

Алена ШАНТЫКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *