Рэха свята. Абласное свята “Дажынкі-2022” прымалі ў мінулую суботу Стоўбцы

Тых, хто прыклаў шмат намаганняў, каб колас на хлебнай ніве нарадзіўся важкім,  віталі на радзіме Якуба Коласа. У Стоўбцах сабраліся прадстаўнікі ўсіх раёнаў Міншчыны, каб  падвесці вынікі спаборніц-тва аграрыяў на хлебнай ніве.

Сказана:

Вам ёсць чым ганарыцца: на Міншчыне сабрана звыш за два мільёны тон збожжа — больш за чвэрць рэспубліканскага каравая. За гэтым рэкордам стаіць карпатлівая праца камбайнераў і ва-дзіцеляў, аграномаў і селекцыянераў, навукоўцаў і кіраўнікоў гаспадарак.

Гэты год стаў сур’ёзным выпрабаваннем для ўсіх хлебаробаў нашай краіны. Вам прыйшлося змагацца літаральна за кожны вырашчаны колас, бо ў сітуацыі, якая склалася ў свеце,  збожжавыя культуры сталі новым золатам, якое гарантуе дзяржаве харчовую бяспеку і стабільнасць.

Аляксандр Лукашэнка

(са звароту да ўдзельнікаў абласнога свята “Дажынкі-2022”).

Каравай Міншчыны атрымаўся па-сапраўднаму важкім. У ім — любоў да роднай зямлі,  самаахвярная праца і высокі прафесіяналізм аграрыяў усіх рэгіёнаў  сталічнай вобласці.  Для іх гучалі словы віншавання. Для іх  — кветкі ад Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Дарэчы, хлебаробы Міншчыны —  адзіныя, хто атрымаў такі падарунак ад кіраўніка дзяржавы.

Стымулам для дасягнення найвышэйшых вынікаў з’яўляецца спаборніцтва. І  традыцыйна падчас жніва яно было арганізавана паміж хлебаробамі вобласці.  На свяце прайшлі дзве цырымоніі, на якіх узнагароды атрымалі лепшыя з лепшых, прычым не толькі  тыя,  хто  вырошчвае хлеб, але і жывёлаводы, прадстаўнікі розных галін гаспадаркі, што супрацоўнічаюць з аграрным сектарам.

Па выніках штогадовага абласнога спаборніцтва за дасягненні высокіх паказчыкаў на ўборцы зерневых і зернебабовых культур у 2022 годзе  сярод раёнаў Мінскай вобласці пераможцамі прызнаны: Дзяржынскі раён  — 1-е месца, Мінскі раён —  2-е месца, Нясвіжскі раён  — 3-е месца.

Сярод атрымаўшых узнагароды пухавіччан Аляксандр Расолька (першы злева)

Сказана:

Аграрыі вобласці ў гэтым сезоне спрацавалі як ніколі раней. Дасягнута рэкордная ўраджайнасць не толькі ў асобных гаспадарках і раёнах, але і ў цэлым па вобласці. Так, многія могуць падумаць, што год для аграрыяў быў спрыяльным: у аптымальныя тэрміны пасеялі, аператыўна і без страт са-бралі ўраджай, і ўмовы надвор’я не падкачалі. І яны маюць рацыю. Але такіх вынікаў немагчыма дамагчыся, разлічваючы толькі на прыроду і каляндар. У аснове поспеху — добры менеджмент і тэхналогіі. На старце пасяўной кампаніі толькі на ўдабрэнні было  накіравана  больш  за 90 мільёнаў рублёў. І не ўсе яны са сродкаў абласнога бюджэту. Аграрыі  Міншчыны атрымалі адчувальную дапамогу ад краіны. Асобныя словы падзякі хачу выказаць Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь за яго ўвагу і падтрымку сельскіх працаўнікоў.

Аляксандр Турчын,

старшыня Мінаблвыканкама.

Узнагароды і каштоўныя падарункі атрымалі і прадстаўнікі  Пухавіцкага раёна.  Так,  ганаровая грамата Мінскага абласнога выканаўчага камітэта была ўручана  Аляксандру Расолька,  старшаму камбайнеру камунальнага сельскагаспадарчага ўнітарнага  прадпрыемства “Голацк”. Каштоўны падарунак ад адкрытага акцыянернага таварыства “Слуцкі сыраробны камбінат”  атрымала Валянціна Баранава,  брыгадзір вытворчай брыгады жывёлагадоўлі малочнатаварнай фермы “Дудзічы-2” КСУП “Агра-Абярэг” .

Валянціна Баранава.

Пётр Казак,

дырэктар КСУП “Агра-Абярэг”:

— Свята  “Дажынкі” —  гэта падвядзенне вынікаў працы як усяго калектыву, так і асобных людзей. І вельмі прыемна, што сёння на святочную сцэну паднялася і наша загадчыцца фермы Валянціна Міхайлаўна Баранава, якая ўсё сваё свядомае жыццё   адпрацавала ў нашай гаспадарцы і сёння дасягае высокіх вынікаў. І  ўдвая мне прыемна, што яна працуе разам са сваімі роднымі: мужам, зяцем, сынам, дачкой і нявесткай. Гэта цэлая працоўная дынастыя.

 Сапраўдны сюрпрыз быў падрыхтаваны для  Мар’інагорскага аграрна-тэхнічнага каледжа: дырэктар філіяла адкрытага акцыянернага таварыства “Мінскі трактарны завод” Гандлёвы дом  — “Беларусь” Андрэй Маталыцкі ўручыў сертыфікаты адразу на два трактары.

Дзяніс Зубенка,

 дырэктар Мар’інагорскага аграрна-тэхнічнага каледжа:

— Мы супрацоўнічаем з Мінскім трактарным заводам ужо не першы год. За апошнія тры гады дзякуючы галоўнаму ўпраўленню адукацыі Мінаблвыканкама, дзякуючы Пухавіцкаму раённаму выканаўчаму камітэту мы ўжо атрымалі тры новыя трактары.  Гэта павялічыць якасць падрыхтоўкі спецыялістаў для  сельскай  гаспадаркі, бо тэхніка будзе выкарыстоў-вацца ў  навучальным працэсе.

На вуліцах Стоўбцаў  раскінуліся гандлёвыя рады, працавалі выставы. Па традыцыі прыцягвалі да сябе ўвагу святочныя караваі і снапы новага ўраджаю.

У “Горадзе майстроў” удзельнікі і госці свята змаглі пазнаёміцца і з пухавіцкімі дзівосамі, якія сваімі рукамі зрабілі ўдзельнікі студыі “Мар’іна скарбніца” раённага цэнтра культуры. Сваю творчасць прадставілі таксама і педагогі цэнтра творчасці дзяцей і  моладзі “Вясёлка”.

На адной з фестывальных сцэн выступіў народны сямейны ансамбль “Жывіца” Борскага  СДК.  Экспазіцыю, прысвечаную бульбе, прадставіў  раённы краязнаўчы музей. На паэтычнай пляцоўцы чытаў вершы пухавіцкі паэт Уладзімір Рунцэвіч. Працавалі на свяце і інспектары групы прапаганды Пухавіцкага РАНС. Былі прадстаўлены пухавіччане і на іншых пляцоўках. Свята стала справай агульнай.

На  наступны  год  сталіцай   “Дажынак”  стане  Салігорск.

Наталля  ПАРХОМЧЫК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *