Рудзенскі  цэнтр творчасці дзяцей і моладзі “Вясёлка”: абмеркавалі іннавацыйныя  і  традыцыйныя  тэхналогіі  педагагічнай дзейнасці ў сферы дадатковай адукацыі

Іннавацыйныя  і  традыцыйныя  тэхналогіі  педагагічнай дзейнасці ў сферы дадатковай адукацыі абмеркавалі ўдзельнікі  абласнога  семінара, які прайшоў на базе Рудзенскага  цэнтра творчасці дзяцей і моладзіВясёлка”. Педагогі цэнтра пазнаёмілі  калег  з  іншых  такіх устаноў сталічнага рэгіёна з напрамкамі сваёй дзейнасці, праектамінад  якімі  зараз працуюць.

Майстар-клас праводзіць педагог   Ірына   Іванейчык (у цэнтры).

Пленарная частка семінара прайшла ў бізнес-інкубатары “УІН”, які рэалізуе шэраг праектаў,  накіраваных  на развіццё цікаўнасці да сферы бізнеса ў вучнёўскай моладзі, падтрымку інавацый. Таму існуюць рэальныя падставы для  супрацоўніцтва такіх, здаецца, розных структур, як установы дадатковай  адукацыі дзяцей  і  бізнес-інкубатар.

Дырэктар Рудзенскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі “Вясёлка” Алена Верашчака пазнаёміла калег з асноўнымі напрамкамі дзейнасці  педагагічнага калектыву, які яна ўзначальвае. Сёння  28 педагогаў цэнтра  прапануюць дзецям з гарадскога пасёлка Рудзенск і бліжэйшых вёсак заняткі па самых разнастайных напрамках творчасці ў 39 аб’яднаннях па інтарэсах. Дзеці і педагогі прымаюць удзел ў розных конкурсах. У скарбонцы ўзнагарод — дыпломы лаўрэатаў абласных этапаў конкурсаў “Калядная зорка”, “Тэхна-Ёлка” і іншых.

Аб выкарыстанні сучасных педагагічных тэхналогій пры арганізацыі мерапрыемстваў ва ўстановах дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі падчас свайго выступлення расказала начальнік аддзела арганізацыйна-метадычнага суправаджэння маладзёжных ініцыятыў Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Жанна Ішчанка.

Перад педагогамі дадатковай адукацыі стаяць самыя розныя задачы, у ліку якіх зберажэнне народнай культуры. Аб тым, як у сваёй рабоце можна аб’яднаць традыцыі і сучаснасць, расказала намеснік дырэктара Рудзенскага дзіцячага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі “Вясёлка” Любоў Грабеннікава.  Яна пазнаёміла ўдзельнікаў семінара с праектна–творчай дзейнасцю, якой займаюцца педагогі разам са сваімі навучэнцамі.  Так, пад кіраўніцтвам Надзеі Якубовіч  у межах  аб’яднання па інтарэсах “Чароўная нітка” рэалізуецца праект “Беларускія вячоркі”.  Разам  з  Аленай   Церахавай  навучэнцы даследуюць “Свет тэкстыльнай лялькі”, вучацца сваімі рукамі ствараць гэты важны элемент народнай культуры, імкнуцца вярнуць яго ў сучаснае жыццё. Ёсць у цэнтры і свая батлейка. І яна  пачыналася з цікаўнасці да тэатральнай лялькі.

Любоў Грабеннікава таксама  расказала  пра ідэю стварыць на базе цэнтра вучнёўскую бізнес-кампанію “Усё для свята”  і аб  супрацоўніцтве ў гэтым накірунку з  бізнес-інкубатарам “УІН”.

Па словах кіраўніка гэтай установы Алены Яшовіч, узаемная цікаўнасць з’явілася даўно. Бізнес-інкубатар з’яўляецца адным з арганізатараў свята вёскі  Русаковічы, для якога ў цэнтры “Вясёлка” ствараюць сувеніры. І вось з гэтай маленькай справы можа вырасці цікавы агульны праект. Алена Яшовіч таксама расказала аб тым, якую працу бізнес-інкубатар праводзіць з моладдзю, па якіх накірунках можа  будавацца супрацоўніцтва такіх кампаній з цэнтрамі дадатковай адукацыі дзяцей.

Выступаюць творчыя калектывы «Вясёлкі».

Для ўдзельнікаў семінара былі арганізаваны розныя мерапрыемствы. Свае творчыя візіткі прадставілі аб’яднанні па інтарэсах “Я спяваю” і “Хачу на сцэну” (педагогі  Ганна  Лявіцкая і Алена Захарава). Аўтарскія майстар-класы правялі  педагогі   Ірына   Іванейчык, Анжэла  Вінаградава,  Надзея Якубовіч.  Працавала выстава творчых работ вучняў і настаўнікаў.

Наталля  ПАРХОМЧЫК.

Здымкі Станіслава  БЕЛАВУСАВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *