Сакрэт вялікага малака ведаюць у ААТ «Аграсімвал»
Малако для любога сельгаспрадпрыемства — тая стратэгічная прадукцыя, якая на працягу ўсяго года застаецца асноўнай крыніцай паступлення грашовых сродкаў на яго рахунак. Асабліва плённым па вытворчасці і рэалізацыі малака з’яўляецца летне-пашавы перыяд.
У павышэнні надояў важнае значэнне мае не толькі правільная арганізацыя кармлення жывёлы, але і строгае выкананне патрабаванняў тэхналагічнага рэгламенту — найважнейшага складніку ўсяго вытворчага цыклу.
Усё сказанае ў поўнай меры адносіцца да ААТ “Аграсімвал”. Лета для гаспадаркі стала часам вялікага малака.
— Наш дойны статак у параўнанні з мінулым годам павялічыўся на 25 кароў. Надой малака за сем месяцаў склаў плюс 102,6 працэнта да мінулага года. Здача малака — 100,9 працэнта. У лічбавым эквіваленце гэта плюс 1 тона 300 кілаграмаў да ўзроўню мінулага года, — расказвае галоўны заатэхнік гаспадаркі Кацярына Уласень. — Хачу падкрэсліць, што першай прыступкай у працэсе атрымання вялікага малака з’яўляецца асемяненне. Наш асноўны тэхнік-асемянатар Вольга Фіневіч — сапраўдны прафесіянал. Яна працуе на МТК “Бор” і абслугоўвае штомесяц больш за 860 кароў.
Пра поспехі гаспадаркі ў жывёлагадоўлі Кацярына Мікалаеўна судзіць па ўласным вопыце. У гаспадарку па размеркаванні пасля заканчэння Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта яна прыехала сем гадоў таму. Тады даілі дзевяць літраў малака на карову. Цяпер 12,6 літра.
Да ўзроўню мінулага года плюсуе і МТФ “Гарэлец”. Дзякуючы амаладжэнню статка надой на карову павялічыўся з дзесяці літраў малака да трынаццаці.
Павялічыліся і паказчыкі па надоях. Аператар машыннага даення Тамара Смычкова за сем месяцаў у сярэднім па групе надаіла 2 тоны 834 кілаграма, Таццяна Агейчанка — 2 тоны 786 кілаграмаў, Надзея Грынёк — 2 тоны 650 кілаграмаў. На МТФ “Гарэлец” лепшых вынікаў дасягнула Наталля Герман — 2 тоны 837 кілаграмаў.
На гэтыя вынікі станоўча паўплываў рацыён жывёлы. У гаспадарцы сфарміравана добрая кармавая база. Напрыклад, на ДМБ “Бор” жывёлу на пашу не выганяюць ужо другі год. Дзякуючы кормасумесі, у якую ўваходзяць трава люцэрны, сянаж і кукуруза, тут стабільна атрымліваюць добрыя вынікі па малаку. Навацельным і высокаўдойным каровам даюць таксама муку, камбікорм і рапсавы шрот.
Астатнія чатыры статкі выходзяць на пашу.
— Цяпер пасьба вядзецца толькі днём, — працягвае галоўны заатэхнік. — Наступіла восень, на пашах праводзім ужо пятае страўліванне. Зразумела, што пажыўнасць траў ужо не такая высокая. Гэты недахоп папаўняем падкормкай, у якую ўваходзяць трава люцэрны і канюшынна-злакавая сумесь, сянаж і кукуруза.
Чым болей будзе доўжыцца пашавы перыяд, тым лепш. У мінулым годзе ў верасні ў гаспадарцы ўжо перайшлі на стойлавае ўтрыманне. Як складзецца сёлета — залежыць ад надвор’я.
Земляробы ААТ “Аграсімвал” таксама старанна працуюць на развіццё жывёлагадоўлі. У гэтым годзе павялічылі пасяўныя плошчы пад кукурузу. Ужо пачалі нарыхтоўваць сілас. У планах — атрымаць зерне кукурузы, якое дабаўляюць у кормасумесь для маленькіх цялят.
Кацярына ДАБРЫЦКАЯ.