Што расце ў цяпліцы пры Мар’інагорскай гімназіі?

Мандарыны, лімоны, манга, гранаты, фінікі, авакада, ківі, інжыр, імбірГэта не пералік таго, што прадаецца сёння ў супермаркетах. Гэта няпоўны спіс раслін, якія можна ўбачыць у цяпліцы Марінагорскай гімназіі.

Гаспадыня цяпліцы Валянціна Іванаўна Штангель ганарыцца кожнай з гэтых экзатычных раслін. І не толькі таму, што наўрад ці ў нашым раёне знойдзецца хтосьці, хто можа скласці канкурэнцыю гэтаму ў прамым сэнсе слова невялікаму батанічнаму саду, але і таму, што тут, у звычайнай цяпліцы, змаглі дабіцца ўнікальных вынікаў па вырошчванні такой экзотыкі.

Цяпліца пры Мар’інагорскай гімназіі пачала функцыянаваць практычна адразу пасля таго, як установа адукацыі адзначыла наваселле. Акрамя традыцыйнай сезоннай рассады агуркоў і памідораў, там вырошчвалі кветкі для добраўпарадкавання тэрыторыі і разнастайныя пакаёвыя расліны. Але Валянціне Іванаўне заўсёды хацелася паспрабаваць вырасціць нешта незвычайнае.

Першай яе спробай «дамовіцца» з экзотыкай стала фінікавая пальма. Яна і цяпер цешыць вока ў адным з кабінетаў гімназіі. Удалася дык удалася! Але вось пладаносіць чамусьці адмаўляецца.

— Дома і на дачным участку я не аднойчы спрабавала выгадаваць розныя цікавыя “немясцовыя” расліны, — расказвае Валянціна Іванаўна. — Напрыклад, са-дзіла арахіс. Даглядаць за ім не складана. Але, безумоўна, у нашых шыротах ураджай не назавеш вялікім. Вырошчваю дома лімоны “пандэроза”. Гэта гібрыдная расліна, якая атрымалася ў выніку скрыжавання грэйпфрута і цытрона. Дома, праўда, лімоны вырастаюць не надта вялікія, а ў цяпліцы, вы бачыце, проста велізарныя. Адзін лімон мы ўзважылі — 680 грамаў.

І той лімончык, якім мяне пачаставалі, недалёка адстаў: у руку не памяшчаецца. Але і гэта не дзіва. Дзіва: які ён духмяны! На жаль, ні словамі, ні фотаздымкам я не магу перадаць гэтага нерэальна моцнага водару, подобнага на водар грэйпфрута.

Аднак маё здзіўленне лімонамі, якія, дарэчы, даюць ураждай толькі раз ў 9 месяцаў, не апошняе: Валянціна Іванаўна і намеснік дырэктара гімназіі Наталля Мухортых вядуць экскурсію далей.

Спыняемся на расліне, пра якую я чую ўпершыню: ланган. Гэта найсмачнейшы экзатычны фрукт, знаёмы кожнаму, хто бываў у Азіі. Першы ўраджай можна зняць не раней як праз 5 гадоў. Расліна вельмі патрабавальная да ўмоў. Любіць не толькі гарачыню, але і вільгаць. Таму хочаш мець ураджай — не адыходзь ад яе з пульверызатарам.

 

А вось пальма “вашынгтонія”. Яна ўражвае памерам. Там, дзе я яе бачыла, пальма была, можна сказаць “карлікавай”. А гэта імкнецца да рэкордаў: у прыродзе пальма “вашынгтонія”  вырастае да  25 метраў. А, можа, цягнецца за кіпарысам, які падпірае столь?

— Мірт, размарын, інжыр…— працягвае Валянціна Іванаўна.— Апошні  дае ўраджай тры разы на год. 48 штук знялі зусім нядаўна.

Стоп. А гэта ж банан! Бананавае дрэва ў цяпліцы? І не адно?

Валянціна Іванаўна гаворыць, што вясной гэтыя дрэвы былі значна прыгажэйшымі. Аднак на адным ёсць кветка, якая потым стане звязкай бананаў. Фантастыка!

— Банан самы капрызны,— гаворыць гаспадыня цяпліцы. —  Ён баіцца розных раслінных хвароб. А самы лёгкі “па характары” — фейхуа. Расце не толькі ў цяпліцы, але і ў гімназіі на калідорах, і на двары, калі стаіць добрае надвор’е.

У планах — дадаць да раслін, што ўжо ёсць у цяпліцы, ананасы, гуаву, кумкват і кактус “фрукт дракона”, які цвіце толькі адну ноч. Экзотыка — значыць экзотыка. Здзіўляць — дык здзіўляць!

— Адысці ад традыцыйнага ўспрымання цяпліцы захацеў дырэктар гімназіі Сяргей Іванавіч Зінкевіч, — гаворыць Наталля Аляксандраўна.— Ён мае цікавасць да вырошчвання розных  экзатычных раслін і сам часам шукае і прыносіць насенне.

Дзякуючы агульным намаганням мы сёння маем дзясяткі раслін, прывезеных з розных краін. Зрабіць так, каб ім было тут камфортна, умее Валянціна Іванаўна. Таму ў гімназіі, акрамя цяпліцы,  ёсць уласны дэндрарый, дзе вырошчваюцца туі, ядлоўцы, лаванда і іншыя. Гэта прыгожа і прыносіць нейкі прыбытак: часам  людзі набываюць расліны для сябе. Гэта ж сапраўды цікавы занятак, вынік якога вас абавязкова парадуе.

Як не згадзіцца з гэтым, калі ў тваіх руках такі духмяны, такі прыгожы лімон, які адным бокам падобны з-за рабрынкі на сонечны смайлік…

 

Алена  ШАНТЫКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *