Споўнілася 104 гады Кастрычніцкай рэвалюцыі

У нядзелю мы ў чарговы раз адзначым гадавіну  Кастрычніцкай рэвалюцыі, якая адбылася ў Расійскай імперыі ў 1917 годзе. Свята гэта прыйшло да нас з савецкіх часоў. Зараз Беларусь  — адзіная краіна на постсавецкай прасторы, дзе 7 лістапада святкуецца на дзяржаўным узроўні. Праўда, ужо даўно няма грандыёзных урачыстасцяў, што ладзіліся ў савецкія часы. Сэнс гэтай даты  хутчэй у тым, каб нагадаць, што час ад часу адбываюцца падзеі, якія сапраўды пераварочваюць свет. Іх нельга забываць, бо гэта якраз тая  гісторыя, што вучыць. А зараз паўтарыць яе ўрокі — самы час.

Калі  заходзіць  размова пра  сацыяльныя  дасягненні  Кастрычніцкай рэвалюцыі, то называюць працоўны дзень працягласцю ў 8 гадзін, права на працу і магчымасць зарабляць  сабе на жыццё сваёй працай, яшчэ — аплачваемы адпачынак, права на бясплатную адукацыю і медыцынскае абслугоўванне (прычым  упершыню ў свеце).  Шмат чаго з названага мы збераглі ў нашай краіне і да гэтага часу. А яшчэ ёсць меркаванні,  што,  каб  не  здарылася  Кастрычніцкая рэвалюцыя, на палітычнай карце ніколі б  не  з’явілася   незалежная  Рэспубліка Беларусь.

Несумненна,  гэта важна памятаць, як і тое, што рэвалюцыі не бываюць без ахвяр. Такія падзеі сапраўды прыходзяць у кожны дом, хочуць гэтага яго гаспадары альбо не. І ў выніку закранаюць кожнага чалавека, крута мяняюць лёсы. А яшчэ доўжацца значна больш, чым пасля вызначаюць іх  храналагічныя рамкі ў падручніках гісторыі.  Захапіць тэлеграф, арыштаваць адзін урад і абвясціць другі, як гэта было ў кастрычніку 1917 года, можна за некалькі гадзін. А вось каб утрымаць заваяванні рэвалюцыі, а яшчэ і змяніць светаўспрыманне мільёнаў людзей, прымусіць іх прыняць новую для многіх ідэалогію, патрэбен  доўгі  час. Падзеі 1917 года ў Расіі і тыя, што адбываліся пасля, сведчаць аб гэтым.

Кастрычніцкая рэвалюцыя выклікала грамадзянскую вайну, якая развяла па варожых станах нават родных людзей, а не толькі прадстаўнікоў розных сацыяльных груп. А затым сталінскія рэпрэсіі. Маладая савецкая ўлада яшчэ шмат  часу  асцерагалася  контррэвалюцыі  і бачыла ворагаў нават там, дзе іх не было. Наступствам рэпрэсій стаў страх і недавер, з якімі жылі цэлыя пакаленні савецкіх людзей.  Я, напрыклад, выпадкова даведалася аб тым, што мой прадзед па бацькоўскай лініі Якаў Міхайлавіч быў раскулачаны. Бабуля, якая з усёй сваёй сям’і адзіная не адправілася ў Сібір, бо замуж выйшла ў іншую вёску, ніколі аб гэтым не расказвала. Як я разумею зараз: проста баялася, хаця яе бацьку ў 1956 годзе рэабілітавалі, і ён вярнуўся дадому. Вазьміце кнігу “Памяць. Пухавіцкі раён”, перагарніце старонкі з прозвішчамі  рэпрэсаваных землякоў. Усе яны таксама ахвяры рэвалюцыі, як і іх блізкія — людзі са зламаным лёсам.

Калі мяне запытваюць, ці падтрымала б я сёння рэвалюцыю, адказваю:  “Не”,  бо не хачу яшчэ аднаго спісу з ахвярамі  грама-дзянскай вайны і рэпрэсій. І веру, што перамен можна дасягнуць шляхам эвалюцыі заканадаўства, дзяржаўнага ладу. Тым больш, што прыклады ёсць — Швецыя.

У ХХ стагоддзі дзяржаву, у падмурку якой  ляжыць сацыяльная роўнасць і сацыяльная справядлівасць,  будавалі Савецкі Саюз і краіны савецкага лагеру. А ў выніку сёння, калі гучыць слова “сацыялізм”, то да яго часцей за ўсё дадаюць “шведскі”.  Грамадства гэтай краіны заўсёды імкнулася да роўнасці, а дзяржаву ўспрымала як “дом для народа”. І важны факт: у Швецыі ніколі не было сацыяльных узрушэнняў накшалт Кастрычніцкай рэвалюцыі. Усе дасягненні там — вынік эвалюцыйнага развіцця дзяржавы і грамадства ў ёй. І гэта яшчэ адна гісторыя, якая вучыць.

Перад любым грамадствам час ад часу паўстае пытанне: які шлях перамен выбраць — больш павольную і бяскроўную эвалюцыю ці больш хуткую і крывавую рэвалюцыю.

Дарэчы, нам таксама прапанавалі менавіта такі выбар. І наша грамадства выбрала эвалюцыю, а дакладней — канстытуцыйную  рэформу, якая  павінна змяніць нашу краіну. І  гэта  адна-значна больш разумна, чым перажываць рэвалюцыйныя ўзрушэнні.

Наталля  ПАРХОМЧЫК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *