Стала лепшым у рэспубліцы аператарам аўтазаправачных станцый

Той   фактшто  Анастасія   Цярэшчанкааператар  АЗС  №2  ААТ  «Пухавічынафтапрадукт» (на здымку), толькі з трэцяй спробы стала пераможцам рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства, сведчыць аб тым, што дасягнуць гэтай вяршыні далёка не так проста, як можа здацца на першы поглядАднак тое, што гэта абавязкова адбудзеццаАнастасія вырашыла для сябе тры гады таму, калі ўпершыню прыехала на конкурс і паспрабавала пазмагацца за  званне  лепшага  ў  рэспубліцы  аператара аўтазаправачных станцый

Бухгалтарская праца чалавеку актыўнаму, камунікабельнаму ў нейкі момант, напэўна, можа паказацца сумнай.  Таму і Анастасія Цярэшчанка, даведаўшыся аб вакансіі на АЗС №2, хутка прыняла рашэнне змяніць месца працы і вырашыла па-спрабаваць сябе ў якасці аператара аўтазаправачнай станцыі, дзе, як яна думала, работа будзе больш жывой.

— Напэўна, складана ў гэта паверыць, але я ўжо з першых працоўных дзён зразумела, што гэта маё месца, — кажа Ана-стасія. — Жывыя зносіны, пастаянная занятасць — сумаваць наогул не прыходзіцца.

Без асаблівых праблем асвоіцца на новым працоўным месцы дапамагло тое, што ў свой час яна працавала яшчэ і прадаўцом.  Гэты вопыт вельмі спатрэбіўся.   Многаму навучылі калегі ў працэсе работы:  калектыў, у якім ужо 6 гадоў працуе Анастасія Цярэшчанка, свайго работніка ніколі з праблемай сам-насам не пакідаў.

Ужо праз тры гады Анастасія рызыкнула прыняць удзел у конкурсе прафесійнага майстэрства, які штогод праходзіць на прадпрыемстве.  Паказчыкі яе работы аказаліся лепшымі.  І жанчыну  накіравалі на рэспубліканскі конкурс абараняць гонар ААТ «Пухавічынафтапрадукт».

— Я тады заняла трэцяе месца, — усміхаецца Анастасія, успамінаючы пачатак свайго шляху да пераможнага першага месца. — Гэта быў вельмі добры вынік.  Але я вырашыла, што магу быць лепшай.  І буду.

Такая здаровая ўпартасць дазволіла і ў 2017 годзе, і ў гэтым зноў выйграць конкурс на прадпрыемстве, каб адабрацца для ўдзелу на рэспубліканскім этапе.

— Я рыхтавалася ў гэты раз асабліва старанна, — расказвае Анастасія.  — Была ўпэўнена ў тым, што спраўлюся з практычнымі задачамі і з абслугоўваннем кліентаў, таму што гэта добра мне знаёма, лёгка, бо непасрэдна тычыцца нашых аператарскіх штодзённых абавязкаў.  Але вось тэарэтычны конкурс заўсёды складаны і непрадказальны.  Таму я старалася падчас падрыхтоўкі надаць максімум увагі пошуку адказаў менавіта на тэарэтычныя пытанні.  Вельмі дапамог мне начальнік участка АЗС ААТ «Пухавічынафтапрадукт» Ягор Норык.  І для мяне важна было  яго не падвесці.

Але тэарэтычны этап у Брэсце, дзе ў гэтым годзе прайшоў рэспубліканскі конкурс, аказаўся нават больш складаным, чым гэта было звычайна.  І Анастасія, якая атрымала максімальныя балы на папярэдніх этапах, у канчатковай сваёй перамозе трохі сумнявалася.  Тым больш, што канкурэнты на конкурсе былі не менш вопытныя: адзін з аператараў сталічнай АЗС, напрыклад, таксама мэтанакіравана не першы год ідзе да сваёй прафесійнай перамогі.

Такую настойлівасць Анастасія шануе ў людзях.  І нават шчыра гатова хварэць за свайго калегу з Мінска.  Але… на наступны год.  А ў гэтым годзе яна стала лепшай у сваёй прафесіі.

— Я атрымала велізарнае маральнае задавальненне, калі здзейсніла сваю мару, — кажа пухавіччанка. — Прыемна ўсведамляць, што гэтая прыступка мне  пакарылася.  І, вядома, прыемна, што я выдатна прадставіла наша прадпрыемства, дзе знайшла справу свайго жыцця.

Пра тое, што будзе далей, Анастасія Цярэшчанка не загадвае.  Хаця і яна, і яе калегі сёлета спадзяюцца на яшчэ адну ўзнагароду: плануюць атрымаць званне лепшай АЗС.  Прыняць удзел у конкурсе сярод АЗС калектыву дазволіла мадэрнізацыя аўтазаправачнай станцыі.

Алена   ШАНТЫКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *