Старшыня райвыканкама Сяргей Ленкавец правёў чарговы прыём грамадзян
Думаць пра людзей. Аб гэтым не раз гаварыў старшыня раённага выканаўчага камітэта Сяргей Ленкавец у час чарговага прыёму грамадзян, які прайшоў на мінулым тыдні. Стан дарог, спрэчкі паміж суседзямі, жыллёвая праблема — гэта тое, што хвалюе жыхароў раёна.
Старшыня садовага таварыства “Грозы” расказаў аб неабходнасці добраўпарадкавання дарогі. Сяргей Дзмітрыевіч адзначыў, што добра ведае гэту дарогу. Будавалася яна для пад’езда да садовага таварыства, з цягам часу была перададзена на абслугоўванне ДРБУ-169 філіялу КУП “Мінскаблдарбуд”. Дырэктар філіяла Генадзь Матарас растлумачыў, што згодна з нарматывамі дарога павінна грэйдзіравацца тры разы ў год. Пад’езды да садовых таварыстваў адносяцца да чацвёртай чаргі выканання работ па ўтрыманні. У гэтым годзе грэйдзіраванне праводзілася тройчы. У канцы восені, калі будзе праходзіць падрыхтоўка да зімы, дарога будзе прагрэйдзіравана яшчэ раз. Старшыня райвыканкама адзначыў, што работы трэба праводзіць якасна.
Дарога па вуліцы Сонечнай у аграгарадку Дукора выклікае зусім не сонечны настрой, асабліва пасля дажджу. Гэтую праблему старшыня райвыканкама таксама ведае. Спецыялісты УП “Жылцепласэрвіс” КГ, на абслугоўванні якога знаходзіцца дарога, прымалі меры па яе добраўпарадкаванні, аднак, па словах мясцовых жыхароў, праблем стала яшчэ больш. Сяргей Дзмітрыевіч даў даручэнне яшчэ раз выехаць на месца і знайсці вырашэнне праблемы.
Камісія выедзе і ў вёску Асака Навапольскага сельсавета, дзе ўзнікла спрэчка паміж суседзямі.
Жыллёвае пытанне, з якім звярнулася да старшыні райвыканкама жыхарка раёна, выклікала занепакоенасць у Сяргея Дзмітрыевіча. Сітуацыя нестандартная. Сям’я пераехала ў наш раён з другога рэгіёна Міншчыны. Усё жыццё людзі працавалі ў сельскай гаспадарцы. Сёлета здарылася бяда: гаспадар цяжка захварэў і пайшоў з жыцця. Сям’я не атрымала дазвол на прыватызацыю жылля, паколькі працоўны стаж гаспадара ў сельгасарганізацыі нашага раёна склаў 9 з паловай гадоў. Прыватызаваць жыллё можна, калі адпрацаваў 10 і больш гадоў. Па закону правільна, але, як адзначыў Сяргей Дзмітрыевіч, чалавек хацеў жыць і працаваць. Так здарылася ў яго жыцці. І такія сітуацыі трэба разглядаць асобна. Ён даручыў спецыялістам упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама вывучыць гэту праблему і, калі ўзнікне неабходнасць, звярнуцца за дапамогай да іншых спецыялістаў.
Вольга САВАСЦЮК.