Створым разам краязнаўчую фактаграфічную базу дадзеных гастранамічнага турызму, у якой жыхары раёна і турысты знойдуць звесткі аб кулінарных брэндах нашага раёна

Культуру народа можна спазнаваць не толькі ў музеях і па помніках архітэктуры. Не так даўно ўзнік новы напрамак — гастранамічны турызм. Ён выкарыстоўвае нацыянальную кухню як адзін з рэсурсаў, які дазваляе раскрыць асаблівасці гістарычнага развіцця і ўкладу жыцця краіны.

Таццяна Александровіч.

Беларуская кухня мае свае характэрныя асаблівасці, якія выдзяляюць яе сярод кулінарных традыцый іншых краін. Яна падобна да рускай, украінскай, літоўскай і польскай, але па-свойму ўнікальная. І, вядома ж, смачная  і  сытная, з прычыны чаго гастранамічны турызм  і  гастратуры  набіраюць усё большую папулярнасць і ў Беларусі.

Кулінарнае мастацтва заўсёды было цесна звязана з побытам, культурай, звычаямі народа. Нацыянальныя стравы — гэта культурная з’ява, якая раскрывае традыцыі, сацыяльны статус і лад жыцця беларусаў. Гэта наша ўнікальная беларуская гісторыя, якую неабходна не толькі ведаць, але і захаваць, зберагчы, данесці да будучага пакалення.

З мэтай сфарміраваць вядомы гастранамічны брэнд Пухавіцкага раёна, які будзе адлюстроўваць не толькі характэрныя асаблівасці горада і раёна, але і падкрэсліваць яго багатую культурную і гістарычную спадчыну, Пухавіцкай цэнтральнай раённай бібліятэкай распрацаваны праект па гастранамічным турызме ў рэгіёне «Дзе каша і аладка — там будзе і грамадка».

У рамках праекта запланавана шмат мерапрыемстваў, прысвечаных беларускай кухні: гадзіннік этнаграфіі, літаратурна-кулінарныя конкурсы, гістарычныя экскурсы, віртуальныя экскурсіі і г.д.

— Нас падштурхнулі да стварэння гэтага праекту творы класікаў  беларускай  літаратуры  Якуба  Коласа, Янкі  Купалы, Рыгора Барадуліна, Адама Міцкевіча, Уладзіміра Караткевіча, у якіх ёсць апісанні беларускіх абрадаў і старажытныя рэцэпты прыгатавання, — расказвае кіраўнік  праекта, загадчыца аддзела  абслугоўвання  і  інфармацыі  Пухавіцкай  цэнтральнай  раённай  бібліятэкі  Таццяна  Александровіч.  —  Мы  хочам  стварыць  краязнаўчую фактаграфічную базу дадзеных гастранамічнага турызму, у якой жыхары раёна і турысты знойдуць звесткі аб кулінарных брэндах нашага раёна, аграсядзібах і экапарках, дзе можна пакаштаваць стравы беларускай кухні. Асобны раздзел будзе прысвечаны аўтэнтычным рэцэптам беларускай кухні, па якіх гатавалі нашы бабулі, мамы, а зараз і мы гэтыя стравы з задавальненнем гатуем для сваіх родных і блізкіх. Таму мы звяртаемся да ўсіх  жыхароў раёна з просьбай:

Калі ў вашай сям’і захаваліся старадаўнія рэцэпты ад вашых бабуль, прабабуль, і вы хочаце падзяліцца імі, — звяртайцеся ў ДУК «Пухавіцкая  раённая  цэнтральная бібліятэка» па e-mail: mgbiblioteka@yandex.ru  альбо па тэлефоне: 3-44-46.

Алеся  ГВАРДЗІЯН.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *