Суботнік прайшоў актыўна
Адным з самых маштабных прадстаўніцтваў на суботніку традыцыйна бывае камунальнае. Работнікі УП «Жылцепласэрвіс» КГ і на гэты раз ў поўным складзе выйшлі на работы па добраўпарадкаванні горада і сельскіх населеных пунктаў раёна.
Суботнім днём камунальнікі Дружненскага ўчастка камунальнага прадпрыемства працягвалі пачатае раней уладкаванне зялёных газонаў уздоўж цэнтральнай і іншых вуліц пасёлка. Праца, трэба сказаць, няпростая. Асабліва для жанчын. Але менавіта дзякуючы ім у асноўным зменіцца знешні выгляд Дружнага, калі ўздоўж абочын зазелянее маладая трава.
Нашмат больш парадку і зеляніны стане ў пасёлку энергетыкаў і дзякуючы самім энергетыкам, якія нямала намаганняў ужо прыклалі да таго, каб на вуліцах Дружнага з’явіліся новыя пасадкі дрэў. Работнікі ЦЭЦ-5 добра-ўпарадкавалі ўсе тэрыторыі, на якіх у мінулым годзе вяліся работы па замене цеплатрас. А таксама працавалі ў лесапаркавых зонах, прыбіралі прыбярэжныя зоны Матчынага возера і тэхнічнага вадаёма, веладарожкі і новыя замацаваныя тэрыторыі (могілкі ў вёсках Востраў і Энергія).
Прыемным момантам асабіста для мяне стала сустрэча ў Дружным з жыхарамі дома № 59 па вуліцы Шаманоўскага.
Не будзе няпраўдай, калі скажу, што раней я не сустракала працоўных дэсантаў з жыхароў канкрэтнага дома. Звычайна людзі чакаюць, каб каля іх дамоў камунальныя службы навялі парадак. У гэтым доме, аказалася, жывуць неабыякавыя людзі, якія выбралі месцам працы на суботніку свой двор.
Актыўна прайшоў суботнік і ў вёсцы Караваева, дзе працавалі работнікі аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама і супрацоўнікі РАНС.
Да зносу старога будынка школы была прыцягнута і тэхніка. Работа праведзена немалая як па разборцы збудаванняў, так і па высечцы дзікай расліннасці ўздоўж ракі.
Работнікі аддзела адукацыі , спорту і турызму таксама традыцыйна ўдарна папрацавалі і ў дзіцячым лагеры «Лясная казка», які рыхтуецца ўжо літаральна праз месяц прыняць на адпачынак дзяцей.
Алена ШАНТЫКА.