Супрацоўнікі бібліятэкі правялі шэраг цікавых мерапрыемстваў у гонар Якуба Коласа

Каласавіны… Гэтак прыгожа называюць святочныя мерапрыемствы, якія традыцыйна штогод ладзяцца напачатку лістапада ў гонар класіка нацыянальнай літаратуры. Сёлета яны асабліва маштабныя – з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі спаўняецца 140 гадоў, юбілей краіна адзначае шырока, яго падрыхтоўка і правядзенне адбываюцца на высокім дзяржаўным узроўні.

Па ўсёй рэспубліцы жыццю і творчасці песняра прысвячаюцца літаратурныя сустрэчы, кніжныя і мастацкія выстаўкі, конкурсы, тэатральныя спектаклі, музычныя праграмы. Знамянальнай датай пазначаны ўвесь бягучы год. У Мар’інагорскай гарадской бібліятэцы на працягу года праходзіць літаратурна-святочны марафон  “Беларусь — мая калыска, Беларусь — мой край радны”, прысвечаны 140-годдзю з дня народжання Якуба Коласа. Асаблівай старонкай  марафону стаў лістапад месяц, які  прайшоў пад знакам “Спяшайцеся з паэтам стрэцца”. Супрацоўнікі бібліятэкі распрацавалі і правялі шэраг змястоўных і цікавых мерапрыемстваў у гонар славутага ўраджэнца Стаўбцоўшчыны.

10 лістапада для ўдзельнікаў “Клуба цікавых сустрэч” ў бібліятэцы прайшоў літаратурны вечар “Вось як цяпер перада мною…”. Падчас мерапрыемства прысутныя разам з вядучай пагарталі старонкі жыцця паэта, паслухалі аповед аб вялікім таленце беларускага класіка, аб яго паэтычнай сіле, аб яго перакананні ў тым, што пакуль жыве мова – жыве народ. Вядучая распавяла аб цікавых фактах з жыцця пісьменніка, аб тым, як Якуб Колас трапіў на Пухавіччыну, якія творы напісаў, калі жыў на пухавіцкая зямлі.

14 лістапада для навучэнцаў 6-7-х класаў СШ № 3 бібліятэкары падрыхтавалі літаратурны лабірынт па жыццю і творчасці пісьменніка “Я – акіяну жытняе калоссе”. Удзельнікі гульні з вялікі азартам збіралі пазл з месцам і датай народжання Якуба Коласа, знаходзілі літары і адгадвалі сапраўднае імя паэта, будавалі хаткі ў тых  вёсках пухавіцкай зямлі, дзе адпачываў пісьменнік. Прыгожай і маляўнічай старонкай мерапрыемства стала чытанне урыўкаў з апавяданняў Якуба Коласа, дзе яскрава раскрылася багатая шматфарбнасць беларускай мовы.

У межах маладзёжнага асветніцкага марафону для падлеткаў і моладзі ў бібліятэцы праходзіць гульня “Якубу Коласу прысвячаецца”. У ходзе гульні ўдзельнікі паказваюць і папаўняюць свой багаж ведаў аб жыццёвым і творчым шляху славутага класіка.

На абанеменце для дзяцей і дарослых аформлены змястоўныя выставы, дзе ў цікавай форме прадстаўлена інфармацыя аб жыцці і творчасці пісьменніка.

Лiтаратурная спадчына Якуба Коласа – гэта сапраўдная энцыклапедыя народнага жыцця, скарбонка выдатнай, прыгожай i чыстай беларускай мовы. Яго бессмяротныя творы складаюць падмурак нашай духоўнай культуры, абуджаюць у сэрцах людзей пачуццi патрыятызму i гонару за Радзiму.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *