Сям’я Каваленка стала лепшай у намінацыі “Наезнікі”

У каго лепш за іншых атрымліваецца запрагаць каня? Хто спрытней збудуе лаўку і хто лепшы дрывасек? Адказы на гэтыя і іншыя пытанні шукалі ўдзельнікі абласнога этапу штогадовага рэспубліканскага сямейнага сельскагаспадарчага праекта “Уладар сяла-2018”, які прайшоў у мінулую суботу ў Мінскім раёне. Пухавіччыну на конкурсе прадстаўляла сям’я Каваленка з аграгарадка Сітнікі.

Валерый і Наталля Каваленкі — вопытныя канкурсанты. У абласным этапе “Уладара сяла” яны ўдзельнічалі  трэці раз.

— Але хваляванне ўсё роўна было, бо перш за ўсё  хацелася добра прадставіць наш раён, —  гаворыць Наталля Каваленка. — Мы асабліва перажывалі за першы конкурс “Візітная картка”. Прадставіць  сям’ю нам дапамагалі нашы дачушкі Дана і Маргарыта.  Яны падрыхтавалі выставу сваіх малюнкаў і вырабаў.

Пухавіцкі падворак члены журы запомнілі таксама дзякуючы шматлікім ласункам. Наталля накрыла шыкоўны стол. Кабачковы пірог, адна з фірменных страў гаспадыні,  першым знік са стала.

Пасля наступіла чарга конкурсаў, дзе Валерый і Наталля прадэманстравалі сілу, спрыт, інтэлектуальныя здольнасці і шмат іншых навыкаў. Усе спаборніцтвы праходзілі на вуліцы. Дождж  крыху ўскладняў сітуацыю, але на святочны настрой ніяк не ўплываў.   Падчас спартыўнай эстафеты муж і жонка часова памяняліся абавязкамі. Наталлі давялося забіваць цвікі, Валерыю прышываць гузікі. Пасля яны разам распілоўвалі дровы і будавалі лаўку. У апошнім конкурсе ўлічвалася не толькі хуткасць, але і эстэтыка.

Паспяховым для нашых землякоў стаў конкурс “Наезнікі”. Валерый павінен быў  запрэгчы каня, Наталля  — распрэгчы.

— У гэтым конкурсе галоўнае — запомніць паслядоўнасць дзеянняў і выконваць іх хутка, — працягвае Наталля. — Муж добра ўмее запрагаць каня, я стараюся яму адпавядаць. Мы ўлічылі мінулагоднія памылкі, і ў нас усё атрымалася.

Пухавіччане  сталі лепшымі ў намінацыі “Наезнікі”. Канкурэнцыю ім складала дваццаць адна сям’я.  Нагадаю:  у мінулым годзе Каваленкі сталі “Інтэлектуаламі сяла”.

Валерый і Наталля — актыўныя і творчыя людзі. Разам яны ўжо дзесяць гадоў. Гаспадар працуе галоўным інжынерам у ААТ “Аграсімвал”, яго жонка — намеснікам дырэктара па ідэалагічнай рабоце ў ААТ “Ражджэственскае-агра”.

Арганізаваць цікавы падворак нашым землякам дапамаглі аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, пухавіцкае раённае аб’яднанне прафсаюзаў, райкам прафсаюза работнікаў АПК,  раённы камітэт “БРСМ” і дырэктар ААТ “Зазерка” Андрэй Папельскі.

Кацярына ВЕРНІКОЎСКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *