Сяргей і Святлана Гуцу разам са школы і са школай

Сказаць, што  ў  гэтых  людзей  шмат агульнага, — будзе занадта сціпла. Сяргей Аляксандравіч і Святлана Аляксандраўна  Гуцу жартуюць, што ў іх, акрамя прозвішчанават ініцыялы  аднолькавыя. Але гэта здарылася ўжо тады, калі педагогі стварылі сямю. Да гэтага яны проста былі  аднакласнікамі

Цяпер жа Сяргей Аляксандравіч і Святлана Аляксандраўна — калегі.  І зноў школа ў іх адна на дваіх: абодва працуюць у Пярэжырскай СШ імя Адама Гурыновіча. Сяргей Аляксандравіч (гісторык па прафесіі) — дырэктар.  Святлана  Аляксандраўна —  настаўнік беларускай  мовы  і  літаратуры.

— Пасля размеркавання мы пачыналі працоўны шлях на Гомельшчыне, — расказвае Сяргей Гуцу. — Аднак лёс склаўся так, што пераехалі ў Пухавіцкі раён.  Тут  я  ўзначаліў Пярэжырскую  школу, а Святлана Аляксандраўна перайшла сюды, як толькі з’явілася вакансія педагога. Першыя два гады жылі на кватэры пры школе. Нават жартавалі: усёй сям’ёй па 24 гадзіны ў суткі не пакідаем школу. Потым атрымалі ўласнае жыллё. І вось ужо 13 гадоў працуем тут, у Пярэжыры.

Сяргей Аляксандравіч вырашыў для сябе сканцэнтраваць увагу на выкананні адміністратыўных абавязкаў, каб заўсёды мець вольны час для рашэння гаспадарчых праблем, пытанняў падвозу дзяцей з  другіх  вёсак, для кантактаў з бацькамі. І лічыць, што зрабіў правільна.

А вось Святлана Аляксандраўна цалкам прысвяціла сябе рабоце з дзецьмі, навучанню іх роднай мове. Аб рэзультатах настаўніцкай працы яскрава сведчаць  поспехі вучняў.  Яны  сваю настаўніцу  не   падводзяць:  апошнія  гады  школьнікі  з  Пярэжыра становяцца пераможцамі раённых алімпіяд па беларускай мове і нават аднойчы адбіраліся на вобласць, а выпускнікі пішуць цэнтралізаванае тэсціраванне на  самыя  высокія  балы.  Дар’я  Бузук, напрыклад, здала тэсты на 96 балаў. Сёння вучыцца на факультэце журналістыкі. У гэтым  годзе  самы  высокі  “беларускі” рэзультат па школе быў 88 балаў. Не сорамна за такую падрыхтоўку.

Сяргей Аляксандравіч і Святлана Аляксандраўна за гэты час, па іх словах, вельмі палюбілі і школу, і калектыў, у якім працуюць, і мясцовасць, дзе жывуць. Ганарацца тым, што іх школа — не проста сельская ўстанова адукацыі, а школа з цікавай гісторыяй, з традыцыямі, якія працягваюцца і зараз дзякуючы супрацоўніцтву з Міністэрствам замежных спраў Беларусі і сувязям з Японіяй.

— На сённяшні дзень у школе навучаецца 197 дзетак, — кажа Сяргей Гуцу. — І мы працуем для таго, каб нашы выпускнікі не  проста  знаходзілі  сваё  месца ў жыцці, а давалі нагоду, каб імі ганарылася малая радзіма.

Алена   ІВАНОВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *