Сярод тых, хто вызваляў тэрыторыю Савецкай Беларусі ад інтэрвентаў, ёсць і пухавіччане

Андрэй Блажко.

У апошнія дні 1918 года і на пачатку 1919 года быў запушчаны працэс стварэння Беларускай Савецкай Рэспублікі. Падзеі разгортваліся даволі хутка. 30 снежня 1918 года ў Смаленску пачала работу VI ПаўночнаЗаходняя абласная канферэнцыя РКП(б), на якой прагучала прапанова аб стварэнні самастойнай Беларускай Савецкай Рэспублікі. Дэлегатамі зезда яна была падтрымана. Вечарам 1 студзеня 1919 года быў канчаткова сфарміраваны Часовы рабочасялянскі ўрад, затым апублікаваны яго Маніфест, у якім Беларусь абвяшчалася   «вольнай  незалежнай Сацыялістычнай Рэспублікай».  7 студзеня было прынята рашэнне аб скліканні I Усебеларускага зезда Саветаў у мэтах юрыдычнаправавога афармлення факта стварэння Рэспублікі. Ен адбыўся 2-3 лютага і прыняў першую Канстытуцыю Рэспублікі.

Але далейшы ход будаўніцтва новай рэспублікі быў перапынены наступленнем польскіх войск, якое пачалося ў канцы лютага  1919  года.  8 жніўня палякі захапілі Мінск. Амаль на год апынулася пад уладай інтэрвентаў і Пухавіччына.

Міхаіл  Рудовіч.

На беларускіх землях разгарнулася    партызанская  барацьба  супраць акупантаў.  На  Пухавіччыне  ў  зоне дзеяння народных мсціўцаў апынуліся вёскі Дукора, Харавічы, Забалацце, Лешніца і іншыя. Адным з партызанскіх атрадаў, якія дзейнічалі там, кіравалі    нашы  землякі  Андрэй Блажко і  Міхаіл  Рудовіч. Партызаны вялі актыўную агітацыю  сярод  насельніцтва, рабілі дыверсіі на чыгунцы, лініях сувязі. Вясной 1920 года польская разведка змагла напасці на след партызан, і многія з іх у пачатку мая былі арыштаваны. Адзінаццаць з іх, у тым ліку  Міхаіл Рудовіч і Андрэй Блажко, былі расстраляны ва ўрочышчы Пушча каля  Дукоры.  Яшчэ  пяцёра іх  таварышаў  загінулі ў турме.

У барацьбу з інтэрвентамі ўключаліся самыя розныя людзі. Напрыклад, Міхаіл Рудовіч быў чалавек цывільны: да пачатку рэвалюцыйных падзей вучыўся ў Мар’інагорскай сельскагаспадарчай школе. А вось Андрэй Блажко добра ведаў, што такое ваенная справа: з 1915 года ён праходзіў службу на Балтыйскім флоце, у 1917-м  прымаў  удзел  у  Кастрычніцкай рэвалюцыі, у 1919 годзе вярнуўся ў родную вёску Харавічы, дзе яго і  застала інтэрвенцыя.

Трэба нагадаць, што напярэдадні рэвалюцыі і грамадзянскай вайны нямала нашых землякоў праходзілі марскую  службу на Балтыцы. Драматычныя падзеі пачатку ХХ стагоддзя гэтыя  людзі ўспрымалі па-рознаму, таму і змагаліся па  абодва бакі барыкад. Але трэба прызнаць, што большасць падтрымала савецкую ўладу. Таму сярод тых, хто вызваляў тэрыторыю Савецкай Беларусі ад белапольскіх інтэрвентаў, ёсць і пухавіччане, якіх лёс звязаў з флотам.

Балтыйскія маракі былі надзейнай сілай, на якую магла разлічваць савецкая ўлада.  У  часы  грамадзянскай вайны і замежнай інтэрвенцыі  з іх ліку стваралі сухапутныя экспедыцыйныя атрады, іншыя вайсковыя фарміраванні, якія накіроўвалі на самыя цяжкія  ўчасткі барацьбы, на падаўленне антысавецкіх выступленняў.  Савецкую ўладу балтыйскія маракі абаранялі і на тэрыторыі Беларусі.

Напрыклад, ураджэнец вёскі    Веркалы  Фёдар  Любаміраў  прызваны на флот у 1915 годзе, у  1918  годзе быў  залічаны лекарскім памочнікам  1-й   роты   6-га   Гродзенскага палка. Вызваляў  Беларусь ад нямецкіх акупантаў, каля Мозыра ваяваў супраць пятлюраўцаў, граміў белапалякаў  каля  Мала-дзечна, Ліды, Пінска.

У 6-м Гродзенскім палку  супраць польскіх інтэрвентаў ваяваў і  Мікіта  Шаўко з вёскі Міжрэчча. Вядома, што 18 ліпеня 1919 года каля вёскі Пухлякі (зараз Мінскі раён) ён быў паранены.

Антон Мілевіч з Пухавіч на флот быў прызваны ў 1915 годзе. Вясной 1919 года паступіў  на службу ў Дняпроўскую ваенную флатылію. Супраць белапольскіх інтэрвентаў ваяваў у складзе дэсантнага атрада флатыліі на рэках Беларусі і Украіны. Вызваляў Мазыр, Тураў,  разам са сваім атрадам наступаў да ракі Буг.

Аляксандру Вавілаву, які на ваенную службу быў прызваны ў лютым 1917 года, у 1920-м, магчыма, давялося  вызваляць ад інтэрвентаў і родныя мясціны. Ва ўсялякім разе, быў ён вельмі блізка ад роднай Мар’інай  Горкі. В 1918 годзе ён уступіў у 151-ы полк 17-й стралковай дывізіі і з таго часу ваяваў на тэрыторыі Беларусі. У 1920 годзе ён разам са сваім  палком  гнаў белапалякаў ад Беразіны, вызваляў Мінск, ваяваў на рацэ Буг, дайшоў да Варшавы. За храбрасць Аляксандру Емяльянавічу   неаднаразова аб’яўлялі па-дзякі ў  загадах  па  палку, узнагародзілі каштоўным  падарункам.

Тэрыторыя Беларусі ад польскіх інтэрвентаў была вызвалена ў ліпені 1920 года.  Пасля гэтага савецкім кіраўніцтвам было вырашана паўторна абвясціць  Савецкую   Сацыялістычную  Рэспубліку  Беларусь, што і адбылося  31 ліпеня 1920 года ў Мінску  ў  памяшканні   гарадскога  тэатра.

Наталля  ВАСІЛЬЕВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *