У ААТ «Агра-Абярэг» ідзе ўборка кукурузы

Верасень падарыў нам месяц лета. І гэта станоўча паўплывала на рост і паспяванне такой цеплалюбівай культуры, як кукуруза. Сёлета ў ААТ «Агра-Абярэг» яе пасеялі значна больш, чым летась — 1130 гектараў, і разлічвалі закласці якасныя кармы на зімоўку жывёлы. І не памыліліся.

Фото носит иллюстративный характер.

Сёння ў гаспадарцы ідзе ўборка кукурузы. Яе ўраджаем тут задаволены. Плануюць закласці 25 тысяч тон кукурузнага сіласу, што не толькі павялічыць колькасць кармавых адзінак, але і зробіць больш разнастайным кармавы стол кароў і станоўча паўплывае на колькасць і якасць малака.

Як адзначыў галоўны аграном ААТ «Агра-Абярэг» Максім Шабан, плануюць закласці 15 сіласных ям. Убіраюць і здрабняюць кукурузу два механізатары: Фёдар Хадыка і Сяргей Граблюк на корманарыхтоўчых камбайнах КВК. За дзень пры спрыяльным надвор’і кожны з іх вызваляе палі на плошчы ад 8 да 15 гектараў. Уся сіласная маса адразу трамбуецца. Важна не толькі шмат нарыхтаваць, але і максімальна захаваць пажыўнасць. Таму асаблівая ўвага надаецца якасці сіласнай масы. Вядзецца строгі кантроль, вытрымліваюцца тэрміны яе закладкі. Трамбуюць сілас два Аляксандры — Хадыка і Навумік.

— У гэтым годзе «каралева палёў» радуе багатым ураджаем, — адзначае Максім Шабан. — Атрымліваем ад 300 да 500 цэнтнераў з гектара, а з некаторых ўчасткаў яшчэ больш. Хаця, сапраўды кажучы, успамінаючы лета, не думаў, што будзе такі вынік. Зроблена было шмат. Мы пасеялі 9 гібрыдаў. Самымі ўраджайнымі сярод іх сталі «півіха» і «дарына».

Вось ужо чацвёрты год у гаспадарцы вырошчвалі кукурузу кулісным спосабам разам са сланечнікам. Сёлета — 100 гектараў, што значна больш у параўнанні з мінулым годам. Гэтыя палі ўбралі, калі паспелі сланечнікі.

Анастасія ПЛЯТНЁВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *