У ААТ «Голацк» ёсць першыя тысячнікі

Аляксандр Расолька і Яўген Кубры.

На сёлетнім жніве першым камбайнерам у раёне, які пераадолеў мяжу намалоту ў тысячу тон зерня, стаў Аляксандр Расолька з ААТ “Голацк”, які працуе на камбайне “Лексіён-570”.

З гэтым значным працоўным дасягненнем Аляксандра Генадзьевіча павіншавалі ў гаспадарцы ў мінулую нядзелю. Крыху раней тысячнікам стаў вадзіцель Яўген Кубры, які працуе ў адным экіпажы з Аляксандрам Расолькам і паспявае  на аўтамашыне МАЗ адвозіць зерне не толькі ад яго камбайна, але, калі патрэбна, і ад іншых, што працуюць побач на полі.

У панядзелак у рады тысячнікаў трапіў яшчэ адзін экіпаж камбайна з ААТ “Голацк” — Мікалай Тарасевіч з сынам Ігарам. Мікалай Мікалаевіч шчыруе на палях на камбайне “Лексіён-580”, а  Ігар абслугоўвае камбайн і адвозіць ад яго зерне на аўтамашыне МАЗ.

На раніцу 31 ліпеня на рахунку Аляксандра Расолькі і Мікалая Тарасевіча было ўжо адпаведна 1150 і  1078 тон намалочанага збожжа. А колькасць перавезенага ад камбайнаў на збожжаток зерня ў Яўгена Кубры складала 1327 тон, у Ігара Тарасевіча — 1147  тон.

У мінулым годзе гэтыя працаўнікі ААТ “Голацк” увайшлі ў лік лепшых удзельнікаў жніва ў раёне, якія пераадолелі двухтысячны рубеж на ўборцы і перавозцы збожжа.

Да запаветнага тысячнага рубяжа набліжаюцца і некаторыя іншыя камбайнеры і вадзіцелі ААТ “Голацк”.

Андрэй   МАЗАНІК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *