У ААТ «Зазерка» працягваецца ўборка зерневых

Поле з азімым ячменем пачалі ўбіраць на ўзвышаным участку каля вёскі Раўнаполле. На ўборку выехаў спачатку адзін камбайнер — Павел Навічыхін на камбайне GS 12A1 PRO гомельскай вытворчасці. Бункер камбайна ўмяшчальнасцю 5,5 тоны хутка напаўняўся залацістым зернем.

Камбайнер Павел Навічыхін

Следам  вядзецца прэсаванне,  якім займаецца Віктар Бурак,  і звозка з поля саломы, каб не ўпусціць магчымасць нарыхтаваць салому для жывёлагадоўлі.

Як адзначыў дырэктар ААТ «Зазерка» Андрэй Папельскі,  вырошчваюць азімы ячмень у гаспадарцы другі год. Сёлета пад гэтую культуру адвялі 482 гектары і пачалі ўбіраць ужо ў трэцяй дэкадзе чэрвеня, а летась — толькі ў пачатку ліпеня. На першым дзесяцігектарным полі ўраджай атрымалі 43 цэнтнеры з гектара вільготнасцю 18,9 працэнта. Гэта вельмі добрыя паказчыкі.

Па словах галоўнага агранома гаспадаркі Аляксандра Сідорыка,  азімы ячмень — добрая культура. Пасеялі гатунак “бажант” першай рэпрадукцыі і 30 гектараў элітай насенны ўчастак, каб сабраць сваё насенне. Азімы ячмень добра выходзіць з зімоўкі. Для паспявання збож-жа сёлета былі  нядрэнныя ўмовы: дастаткова вільгаці, сапраўднае летняе цяпло. І вясна была ранняя. Але галоўны складнік поспеху — гэта  захаванне тэхналогіі вырошчвання культуры, бо калі ўпусціць тэрміны сяўбы і апрацоўкі, такога выніку не атрымаеш нават пры добрым надвор’і. Напрыклад, летась пры ўсіх складаных умовах надвор’я азімы ячмень даў 42 цэнтнеры з гектара.

Усяго ж да ўборкі ў ААТ “Зазерка” падлягаюць 1452 гектары азімых збожжавых і зернебабовых культур і 612 гектараў яравых. Для гэтага будзе задзейнічана 5 збожжа-ўборачных камбайнаў гаспадаркі. Нагрузка на кожны  сур’ёзная:  500 гектараў. На адвозцы будуць працаваць дзве машыны гаспадаркі і тры — з аўтапарка №19.

Анастасія ПЛЯТНЁВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *