У буслянках падрастаюць птушаняты

“Зямля пад белымі крыламі” – так  дзякуючы класіку беларускай літаратуры Уладзіміру Караткевічу называюць Беларусь. І гэта крылы бусла  — самай велічнай і ўсімі любімай птушкі ў нашай краіне.

Буслы заўсёды побач з людзьмі. Сустрэць іх гнезды далёка ад  населеных пунктаў даволі складана. А вось упрыгожваннем вясковай вуліцы буслянка бывае даволі часта.

Селяцца буслы заўсёды ў адным і тым жа “родным доме”. І жытло сваё пастаянна паднаўляюць, таму старыя гнёзды за многія гады ператвараюцца ў вялікія пабудовы, часам да метра вышынёй. І калі гінуць бацькі, “дом” у спадчыну пераходзяць дзецям.

Назіранне за бусламі дорыць сапраўдную радасць. Мабыць, нездарма старадаўняе павер’е звязвае гэтых птушак з самай вялікай радасцю ў сям’і  – нараджэннем дзяцей.  У народзе кажуць, што буслы дзяцей прыносяць. А менавіта ў гэты час дарослыя птушкі заняты клопатам аб сваіх птушанятах.

Буслы – клапатлівыя бацькі.  Яны па чарзе высіжваюць яйкі, а пасля пастаянна сочаць за сваімі птушанятамі, кантралююць іх стан. Яны даюць ім пагрэцца, калі на вуліцы цёпла, хаваюць ад непагадзі падчас дажджу. Таксама яны рэгулярна назіраюць за кожным сваім птушанём, часам будзяць, калі малыя спяць, каб праверыць іх стан. Таксама дарослыя буслы варочаюць маленькіх, чысцяць ім пярынкі, старанна разглядаюць іх. Буслы ніколі не пакідаюць птушанят адных без нагляд: ляціць карміцца матуля, за птушанятамі сочыць бацька, а затым наадварот.

Буслы  – сімвал нашага краю, яго дабрабыту і мірнага жыцця.  Любуйцеся гэтымі птушкамі і атрымоўвайце асалоду.

Наталля ВАСІЛЬЕВА.

Фотографии: Стас БЕЛОУСОВ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *