У дарогу — з допускам. Вынікі акцыі «Дзяржтэхагляд»
У перыяд з 10 па 23 лістапада праходзіла рэспубліканская акцыя «Дзяржтэхагляд», у рамках якой супрацоўнікі дзяржаўтаінспекцыі разам з прадстаўнікамі УП «Белтэхагляд» правялі рэйды па кантролі за наяўнасцю ў вадзіцеляў транспартных сродкаў допуску да ўдзелу ў дарожным руху. Праверка на праходжанне дзяржтэхагляду аўтамашын працягваецца.
А ў перыяд з 25 лістапада да 4 снежня на тэрыторыі Мінскай вобласці дзяржаўтаінспекцыя будзе праводзіць прафілактычную акцыю з напамінам аб неабходнасці выкарыстання зімніх шын.
Інспектары дарожна-патрульнай службы аддзела ДАІ Пухавіцкага РАУС за час акцыі “Дзяржтэхагляд” прыцягнулі больш за 30 парушальнікаў да адказнасці па артыкуле 18.12 часткі 5 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях Рэспублікі Беларусь, у адпаведнасці з якім за кіраванне транспартным сродкам без дазволу на допуск да ўдзелу ў дарожным руху штраф складае ад 1 да 3 базавых велічынь. Тры вадзіцелі аштрафаваны на суму ад 2 да 5 базавых велічынь за паўторнае на працягу года такое парушэнне. 50 вадзіцеляў атрымалі афіцыйнае папярэджанне.
Як адзначыў інжынер па допуске транспартных сродкаў да ўдзелу ў дарожным руху УП «Белтэхагляд» Віктар Ажгірэй, які разам з дзяржаўтаінспектарамі ўдзельнічаў у правядзенні акцыі «Дзяржтэхагляд», некаторыя вадзіцелі слаба ведаюць патрабаванні да падрыхтоўкі транспартных сродкаў да дзяржтэхагляду і па парадку яго праходжання. Вось асноўныя з гэтых патрабаванняў.
Машыну ўзростам да дзесяці гадоў аглядаюць раз у два гады, а больш старую — раз у год.
Не варта зацягваць візіт на станцыю дыягностыкі да апошняга дня (ці мала што можа перашкодзіць, і тады вы не ўкладзецеся ў тэрмін).
Машыну трэба памыць. Адрэгуляваць фары, праверыць работу “дворнікаў”, рамянёў бяспекі, гукавога сігналу. Дзвярныя замкі павінны добра адчыняцца і зачыняцца. Люфт руля павінен адпавядаць нормам, заяўленым заводам-вытворцам. У машыне павінны быць знак аварыйнага прыпынку, вогнетушыцель, аптэчка (а ў ёй — усё па пераліку). Пажадана прыехаць на шынах, адпаведных сезону.
Для праходжання тэхагляду неабходна прадаставіць вадзіцельскае пасведчанне, пасведчанне аб рэгістрацыі транспартнага сродку (тэхпашпарт) і страхавое пасведчанне, квітанцыі аб выплаце дзяржпошліны, аплаты тэхагляду і аплаты за выдачу дазволу на допуск да ўдзелу ў дарожным руху.
Варта разумець, што прайшлі часы аглядаў «на вока». На лініі кантролю вашу машыну правераць па найбольш важным для яе бяспекі параметрах: як дзейнічае рабочая і стаяначная тармазная сістэма, працуе рулявое кіраванне, знешнія светлавыя прыборы, шклоачышчальнікі і шклоамывальнікі. Колы і шыны павінны адпавядаць канструкцыі транспартнага сродку, вышыня пратэктара павінна быць не ніжэй за норму (прасцей кажучы, гума не павінна быць “лысай”). Правяраецца ўтрыманне шкодных рэчываў у адпрацаваных газах на рэжыме халастога ходу і падвышаных абаротаў. Паліва і працоўныя вадкасці не павінны падцякаць. Усё асноўнае абсталяванне, звязанае з забеспячэннем бяспекі, павінна працаваць. Маркіроўка вузлоў і агрэгатаў павінна адпавядаць устаноўленым патрабаванням.
Дарэчы, тэхагляд можа запатрабаваць у вас нямала часу і сіл, таму важна правільна да яго падрыхтавацца.
Андрэй Мазанік.