У Дружным на месцы былога парку атракцыёнаў з’явіцца парк адпачынку

Так было…

Тэрыторыя былога парку атракцыёнаў у пасёлку Дружны, якія знаходзіліся раней  на балансе філіяла ЦЭЦ-5 РУП «Мінскэнерга», у апошнія гады, скажам прама, выглядала сумна: месца, трэба зазначыць, вельмі ўдалае (цэнтр пасёлка), а не выкарыстоўваецца, зарастае…

Але сёлета на гэтую пляцоўку прыйшлі работнікі адразу некалькіх арганізацый, каб пачаць рэалізацыю праекта па стварэнні тут зоны адпачынку для жыхароў пасёлка.

А так стала.

Энергетыкі спачатку разабралі і вывезлі старыя атракцыёны. Камунальнікі УП «Жылцепласэрвіс» КГ прыводзілі тэрыторыю ў парадак (выкошвалі траву, рамантавалі тратуарную плітку, фарбавалі агароджу, усталёўвалі малыя архітэктурныя формы).

Падрадная арганізацыя выканала асфальтаванне дарожак для катання на роліках, скейтах, веласіпедах.

Затым была абсталявана зона для пляжнага валейболу і пабудавана поле для міні-футболу са штучным пакрыццём.

Работы па стварэнні парку адпачынку яшчэ не завершаны, але ўжо прама сёння настрой у любога чалавека, што праязджае міма, думаю, не сапсуецца.

— У перспектыве ў парку мы плануем зрабіць варкаўт-пляцоўку, дзе любы жадаючы зможа заняцца фізічнай культурай на трэнажорах, усталяваць дзіцячы гульнявы комплекс, —  расказвае Іна Гуз, начальнік участка «Дружны і Свіслач». — З’явяцца тут і новыя дрэвы, кветнікі, лаўкі.  І дружненцы, напэўна, палюбяць адноўлены парк.  Нам бы гэтага вельмі хацелася.  Як і таго, каб жыхары беражліва ставіліся да зробленага.

Апошнія словы Інай Уладзіміраўнай былі сказаны не выпадкова. Справа ў тым, што на нядаўна пакладзеным пакрыцці выдатнага футбольнага поля з’явіліся сляды падпалаў.  Такія праявы вандалізму не могуць пакінуць абыякавымі людзей, якія ствараюць нешта патрэбнае і карыснае, укладваюць сродкі і працу для таго, каб дзеці, падлеткі і дарослыя маглі заняцца спортам у добрых умовах.  І я, калі шчыра, ніколі не зразумею, адкуль у людзей бярэцца жаданне бурыць тое, што зроблена на карысць?!

Алена  ІВАНОВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *