У дваццаты раз у Маладзечне прайшоў Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі

Як заўсёды, ён сабраў таленавітых паэтаў, выканаўцаў, кампазітараў, майстроў. На некалькі дзён горад, які называюць культурным цэнтрам Міншчыны, ператварыўся ў вялікую канцэртную і выставачную пляцоўку.

На працягу двух фестывальных дзён  у жыхароў і гасцей горада была магчымасць наведаць вялікую колькасць самых разнастайных мерапрыемстваў: канцэртаў, спектакляў,  творчых сустрэч, плэнэраў і разнастайных выстаў.  Выступалі на фестывальных пляцоўках і пухавіцкія аматарскія калектывы. Прыемна было пабачыць на сцэне народны ансамбль народнай песні “Навасёлачка” і іншых.

Цэнтральнай падзеяй фестывалю па традыцыі стаў рэспубліканскі этап Нацыянальнага конкурсу маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні. У  ім прынялі ўдзел 20 юнакоў і дзяўчат з усіх рэгіёнаў. Рашэннем журы трэцюю прэмію і званне лаўрэата атрымала Ангеліна Васілеўская (Мінск), другую прэмію —  Ганна Цітовіч (Брэсцкая вобласць), першую —  Дзяніс Чуракоў (Магілёўская вобласць). Гран-пры ў гэтым годзе адправіўся  ў Віцебск. Яго заваявала  вакалістка з гэтага горада  Ніколь Фургал.  Яна таксама стала  уладальніцай і спецыяльнага прыза імя Уладзіміра Мулявіна, што ў год юбілею класіка  асабліва сімвалічна.

Цырымонія ўзнагароджання прайшла падчас урачыстага адкрыцця фестывалю на сцэне Летняга амфітэатра. Правёў яе мастацкі кіраўнік Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра, старшыня журы конкурсу маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні народны артыст Беларусі прафесар Міхаіл Фінберг.

На вуліцах горада раскінуўся Горад майстроў. Сваё пад’вор’е ў ім арганізавала і наша раённая цэнтральная бібліятэка. Яе супрацоўнікі запрашалі гасцей фестывалю наведаць літаратурнае кафэ, дзе можна было і кнігі пагартаць, і прысмакі паспрабаваць, і на памяць набыць брашуру з рэцэптамі  закатак ад супрацоўнікаў Пухавіцкай цэнтральнай раённай бібліятэкі.

Завіталі ў літаратурнае кафэ і пухавіччане. Дэлегацыі нашага раёна  наведалі Маладзечна ва ўсе фестывальныя дні. У склад увайшлі работнікі адукацыі, культуры,  камунальнай гаспадаркі і іншых сфер.  Была і асобная дэлегацыя ад раённай арганізацыі ГА “БРСМ”.

Наталля  ПАРХОМЧЫК. 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *