У эксперыментальнай базе «Зазер’е» асаблівую ўвагу ўдзяляюць аздараўленню сваіх працаўнікоў
Штогод у сельскагаспадарчых арганізацыях імкнуцца дапамагчы сваім работнікам арганізаваць адпачынак у беларускіх здраўніцах. Праца ў сельскай гаспадарцы цяжкая, таму вельмі важна своечасова клапаціцца пра сваё здароўе.
У эксперыментальнай базе «Зазер’е» асаблівую ўвагу ўдзяляюць аздараўленню сваіх працаўнікоў. Папулярным стала накіроўваць людзей аздараўляцца ў тур выхаднога дня. Не так даўно жывёлаводы выбралі такі хоць і непрацяглы, але вельмі добры адпачынак у санаторыі «Беларусачка». За выхадныя дні яны змаглі адпачыць і перазагрузіцца: паплаваць ў басейне, прайсці два сеансы масажу, разнастайныя працэдуры. І другія выхадныя ў тур выхаднога дня ў прафсаюзны санаторый адправіліся аператары машыннага даення, даглядчыкі маладняку, галоўны заатэхнік.
У летнія месяцы спецыялісты гаспадаркі будуць адпачываць і папраўляць здароўе ў санаторыі імя Леніна ў Бабруйску. А вось у санаторый «Нарачанка» паедзе жывёлавод з дачкой.
— Па калектыўнай дамове ў нас прадугледжана, што аплачваць адпачынак будзе прафсаюзная арганізацыя, — адзначае старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі эксперыментальнай базы «Зазер’е» Аксана Кавалеўская.
Анастасія ПЛЯТНЁВА.