У гаспадарках Пухавіцкага раёна ідзе сяўба кукурузы і цукровых буракоў
7850 гектараў сёлета зойме кукуруза на палях раёна. Усе сельгасарганізацыі масава вядуць сяўбу гэтай злакавай культуры.
У ААТ “Пухавіцкі райаграсэрвіс” кукурузу на сілас сее Дзмітрый Шырабок. З запланаваных 450 гектараў ён засеяў больш за 100.
На вялікім полі каля вёскі Вітораж трактар з сеялкай заўважылі толькі дзякуючы шлейфу пылу. Механізатары гаспадаркі, як і ўсе земляробы, у чаканні дажджу.
— Кожны дзень цяпер у трактары прадуваю фільтр, бо пыл на радыятары можа сапсаваць тэхніку, — расказвае Дзмітрый Анатольевіч, які мае значны вопыт работы ў сельскай гаспадарцы.
Згодна з даведзенымі нормамі, Дзмітрый Шырабок павінен засяваць за дзень крыху больш за 11 гектараў. Механізатар штодзень працуе звыш нормы і сее больш за 20 гектараў.
Сяўба кукурузы — заключны этап работ, якія вядуцца на гэтым полі. Спачатку Канстанцін Булгак і Павел Капскі праводзяць ворыва, затым Аляксей Панктаровіч рыхтуе глебу.
На палетках ААТ “Пухавіцкі райаграсэрвіс” у гэтым годзе ўпершыню з’явяцца цукровыя буракі. Салодкія караняплоды будуць расці на 119 гектарах. Сваёй сеялкі ў гаспадаркі няма. На тры дні сюды камандзіравалі Уладзіміра Пакроўскага з ААТ “Агра-Абярэг”, які ў сваёй гаспадарцы ўжо засеяў 200 гектараў. Таксама тут разлічваюць на дапамогу сельгасфіліяла “Дрычын”.
— Для мяне гэта таксама першы вопыт сяўбы цукровых буракоў, — гаворыць галоўны аграном Дзяніс Адзярыха. — Яшчэ з восені на адведзеных гектарах унеслі арганіку, калійныя і фосфарныя ўдабрэнні. Вясной правялі закрыццё вільгаці, унеслі комплексныя ўдабрэнні і азот. Перад сяўбой яшчэ раз правялі падрыхтоўку глебы. Спадзяёмся, што гэта культура стане для нас прыбытковай, як і для іншых гаспадарак раёна.
У нашым раёне разам з ААТ “Агра-Абярэг” і ААТ “Пухавіцкі райаграсэрвіс” цукровыя буракі вырошчваюць таксама ААТ “Племянны завод “Індустрыя”, ПСУ “Рудзенскае”, ААТ “Зазерка” і сельгасфіліял “Дрычын”. Апошнія дзве гаспадаркі сяўбу салодкай культуры завяршылі.
Кацярына ДАБРЫЦКАЯ.