У Іванава прайшоў Дзень беларускага пісьменства

Горад Іванава Брэсцкай вобласці 1-2 верасня ператварыўся ў вялікую святочную пляцоўку: там праходзіў XXV Дзень беларускага пісьменства. Свята гэта стала юбілейным. Упершыню яго адзначылі ў 1994 годзе ў горадзе Полацк. Затым сталіцамі Дня пісьменства станавіліся Тураў, Навагрудак, Нясвіж, Орша, Пінск, Заслаўе, Мсціслаў, Мір, Камянец, Паставы, Шклоў, Барысаў, Смаргонь, Хойнікі, Ганцавічы, Глыбокае, Быхаў, Заслаўе, Шчучын, Рагачоў. У 2017 годзе сталіцай свята, прымеркаванага да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання, зноў стаў старажытны Полацк — родны горад беларускага асветніка і першадрукара Францыска Скарыны. Ад яго і прыняў эстафету горад Іванава.

У Іванаве свята праходзіла больш чым на двух дзясятках пляцовак. Першы дзень практычна цалкам быў прысвечаны літаратуры. Так, у раённым музейным комплексе імя Напалеона Орды прайшоў міжнародны «круглы стол» беларускіх і замежных літаратараў «Мастацкая літаратура як шлях адзін да аднаго». У раённай бібліятэцы імя Панфёрава сабраліся ўдзельнікі навукова-практычнай канферэнцыі «Іванаўскія чытанні». На гарадской плошчы разгарнуліся павільёны традыцыйнага фестывалю кнігі і прэсы, падчас якога адбыліся прэзентацыі лепшых выданняў мастацкай, навуковай і дзіцячай літаратуры, прайшла грамадска-культурная акцыя «Чытаем Купалу разам».
Іванаўскі раённы Цэнтр культуры і народных традыцый на два дні ператварыўся ў адну вялікую экспазіцыйную пляцоўку. Тут можна было пазнаёміцца з выставай, прысвечанай 400-годдзю першага ў свеце выдання пад назвай «Буквар», экспазіцыяй галаграм старадрукаваных кніг з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.
Увечары ў цэнтры адбыўся фінал рэспубліканскага творчага конкурсу юных чытальнікаў «Жывая класіка», прысвечанага Году малой радзімы, у якім прымала ўдзел і вучаніца сярэдняй школы №2 горада Мар’іна Горка і Мар’інагорскай дзіцячай школы мастацтваў Вікторыя Дзільман. Усіх 12 фіналістаў чакаюць пуцёўкі ў нацыянальны дзіцячы адукацыйна-аздараўленчы цэнтр «Зубраня».

Днём у гарадскім парку быў дадзены старт XXII абласному святу-конкурсу духавой музыкі «Фанфары-2018». Бліжэй да вечара там адбылося закрыццё абласнога пленэра разьбяроў па дрэве. У ім прымалі ўдзел 9 скульптараў, у тым ліку, народныя майстры Беларусі Анатоль Туркоў з Камянца, Уладзімір Чыквін з Кобрына, Іван Супрунчык са Столінскага раёна.
Часткай Дня пісьменства традыцыйна з’яўляецца рэспубліканская навукова-асветніцкая экспедыцыя «Дарога да Святыняў з Жыватворным Агнём ад Гроба Гасподняга», у якой прынялі ўдзел прадстаўнікі творчай і навуковай інтэлігенцыі, духавенства. Экспедыцыя ў гэтым годзе прайшла і праз наш раён — гарадскія пасёлкі Свіслач і Рудзенск. У Іванаве ўдзельнікі экспедыцыі высадзілі на тэрыторыі беларускамоўнай сярэдняй школы №4 «Сад Малітвы», правялі духоўна-асветніцкія сустрэчы з мясцовымі жыхарамі.


Праграма другога дня пачалася з урачыстай цырымоніі адкрыцця памятнага знака «Янава слова». Над яго стварэннем працаваў аўтарскі калектыў у складзе Алесі Шаціла, Аляксея Сарокіна і Ганны Багаткінай. Памятны знак выкананы ў выглядзе сонечнага гадзінніка, галоўны элемент якога — замацаванае ў мармуровай чашы пяро. Ён сімвалізуе сабой сілу роднай мовы, якая аб’ядноўвае беларусаў.
У праграму свята таксама былі ўключаны гашэнне памятных маркі і паштовага канверта, майстар-класы па традыцыйных рамёствах.

Афіцыйная цырымонія адкрыцця свята адбылася на галоўнай сцэнічнай пляцоўцы ў гарадскім парку. Віншаванне Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь удзельнікам і гасцям Дня беларускага пісьменства зачытаў намеснік прэм’ер-міністра Ігар Петрышэнка. У віншаванні гаворыцца, што, святкуючы Дзень беларускага пісьменства, мы аддаём даніну павагі ўсім тым, хто ствараў нашу культуру, садзейнічаў асвеце і падняў на высокі ўзровень беларускае мастацкае слова.
Падчас цырымоніі адбылося ўручэнне Нацыянальнай літаратурнай прэміі. У намінацыіі «Лепшы твор (зборнік твораў) паэзіі» яе лаўрэатам стаў Казімір Камейша за зборнік вершаў «Высокі бераг». «Лепшым творам прозы» прызнана кніга Васіля Шырко «Я нязваны госць». У намінацыіі «Лепшы твор драматургіі» пераможцам прызнаны Георгiй Марчук за зборнік п’ес «Святло вышыні. П’есы». У намінацыіі «Лепшы твор літаратурнай крытыкі і літаратуразнаўства» — Іван Штэйнер за кнігу «Смехъ зъ болестию смешанъ будеть: смехавыя традыцыі Рэнесансу ў сатырычнай літаратуры ХХ стагоддзя». У намінацыіі «Лепшы твор публіцыстыкі» — Зінаіда Дудзюк за кнігу «Пара высокага сонца». У намінацыіі «Лепшы твор для дзяцей і юнацтва» — Вольга Нiкольская за кнігу «Похищение шедевра, или Новые приключения агентов «КолбаФирЖик». У намінацыіі «Лепшы дэбют» — Юлія Алейчанка за кнігу «Пад чароўным шкельцам». Усе пераможцы атрымалі ганаровыя дыпломы і сімвалы Нацыянальнай літаратурнай прэміі. Узнагароды лаўрэатам уручалі міністр інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч і сустаршыня журы прафесар Іван Саверчанка.

Афіцыйную цырымонію працягнула мастацка-тэатралізаваная пастаноўка «Малой радзіме пакланюся», галоўнымі дзеючымі асобамі якой сталі Яго Вялікасць Час і тры сястры — Мінулае, Сучаснасць і Будучыня.
Напрыканцы Дня беларускага пісьменства Іванава перадаў эстафету свята сталіцы наступнага года — гораду Слонім Гродзенскай вобласці. «XXV Дзень беларускага пісьменства прынёс шмат эмацыянальных, цёплых момантаў. За гэта можна падзякаваць ўсім жыхарам Іванаўскага краю. Свята было арганізавана на высокім узроўні. Спадзяюся, што не менш хвалюючым яно будзе ў 26-ы раз у старажытным Слоніме, які мае багатую гісторыю, традыцыі кнігадрукавання і асветы», — падкрэсліў міністр інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч.

Апошнім акордам свята стаў канцэрт майстроў мастацтваў і зорак беларускай эстрады «Льецца песня над Палессем».
Па матэрыялах інтэрнэт-рэсурсаў.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *