У крыніцы каля вёскі Арэшкавічы будзе афіцыйнае імя
Гэта папулярнае месца ў жыхароў навакольных вёсак і турыстаў. Крыніца (дакладней, іх некалькі) — адна з самых прыгожых у нашым раёне: вада б’е з-пад зямлі адразу ў двух месцах невялікага маляўнічага яра і па склоне хуткім ручаём сцякае ў Свіслач. На гэта звярнулі ўвагу супрацоўнікі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, якія яшчэ ў 2006 годзе праводзілі інвентарызацыю крыніц некалькіх раёнаў, у тым ліку і нашага, з мэтай выяўлення найбольш каштоўных прыродных аб’ектаў. На Пухавіччыне яны даследавалі крыніцы ў Мар’інай Горцы, Зарэччы, Блоні, Турыне, Арэшкавічах. І толькі гэту рэкамендавалі ўключыць ў спіс асабліва ахоўваемых прыродных тэрыторый, што і было зроблена: рашэннем раённага выканаўчага камітэта ад 27 верасня 2007 года №2207 яна была прызнана гідралагічным помнікам прыроды мясцовага значэння. Зараз у афіцыйных дакументах гэты прыродны аб’ект значыцца як заказнік мясцовага значэння “Крыніца без назвы”.
Зроблена навуковае яго апісанне: “Размешчаны ў 20 кіламетрах на паўднёвы ўсход ад Мар’інай Горкі, у 0,7 кіламетрах к усходу ад вёскі Арэшкавічы, на левым беразе ракі Свіслач. Крыніца знаходзіцца на тэрыторыі Цэнтральнабярэ-зінскай водна-ледніковай раўніны, на схіле крутога берага ракі Свіслач, у абрывы. … Крыніца фарміруе невялікі ручай, які з’яўляецца левым прытокам Свіслачы. Дно пясчанае. У сярэдняй і ніжняй частках крыніцы назіраюцца валуны… Яр, у якім знаходзіцца крыніца, зарос драўняна-хмызняковай расліннасцю, у асноўным ляшчынай, рабінай, альхой… Крыніца з’яўляецца ўнікальным прыродным аб’ектам для дадзенага рэгіёна… Ён гарманічна ўпісваецца ў наваколле…”.
Крыніца заўсёды карысталася папулярнасцю ў жыхароў навакольных вёсак. Сюды было і ёсць сапраўднае паломніцтва. Многія яе ваду лічаць гаючай, вераць, што дапамагае яна ўмацоўваць сілы. Некаторы час таму крыніца была асвечана.
Нядаўна мы наведалі гэтае месца і сустрэлі там Максіма Нікановіча: сам ён сталічны жыхар, а паблізу ў Тальцы мае лецішча. Ён расказаў, што крыніцу наведвае ўжо каля трыццаці гадоў: падабаецца яе чыстая вада.
У 2017 годзе сіламі прыхаджан кафедральнага сабора Святога Аляксандра Неўскага крыніца была добраўпарадкавана: над ёй з’явілася альтанка, былі зроблены масткі, каб зручна было набіраць ваду, якая зараз льецца з трубы, па схіле яра абсталявана лесвіца. Пры гэтым, пры правядзенні работ, сама кры-ніца не пацярпела ўрон, а адзін з выхадаў падземных вод захаваўся ў сваім першасным выглядзе, і ўсе маюць магчымасць палюбавацца прыроднай прыгажосцю крынічкі.
Аб пераменах мы таксама паразмаўлялі з Максімам Нікановічам. Ён пры-знаўся, што так, як выглядае крыніца зараз, менавіта яму падабаецца. Раней і лісце ў яе падала, і каровы па яры спускаліся на вадапой, і чыстай вады не заўсёды атрымлівалася набраць, бо чым больш чэрпалі, тым больш уздымаўся пясок. Зараз нічога лішняга ў ваду не трапляе, яна заўсёды чыстая. І напаўняць ёмкасці стала больш зручна (паверце, за вадой прыязджаюць нетолькі з бутэлькамі, але і з каністрамі, прычым бяруць часцей за ўсё столькі, колькі можа змясціцца ў багажнік аўтамабіля). Яшчэ пастаянныя наведвальнікі заўважылі, што смецця вакол стала значна меней. Валанцёры штогод прыбіраюць гэтае месца. Але і людзі, якія тут часта бываюць, сталі больш беражліва да яго адносіцца.
Патрэбна звярнуць увагу на тое, што крыніц у нашым раёне некалькі. Наогул, такія прыродныя аб’екты могуць з’яўляцца і знікаць. Людзі спакон веку абазначалі крыніцы як месцы, дзе можна набраць вады. І зараз такая справа добра ўспрымаецца. Але ёсць неабходнасць папярэдзіць: перад тым, як пачынаць работы на прыродных аб’ектах, трэба даведацца, якія дакументы абавязкова неабходна аформіць. Падрабязную кансультацыю на гэты конт дадуць у раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.
Аб тым, што крыніца ў Арэшкавічах ахоўваецца дзяржавай, напамінае аншлаг, які там усталяваны. У ім сказана, што забараняецца рабіць ў гэтым месцы. І папярэджанне, што асобы, якія парушаюць устаноўлены рэжым, нясуць адказнасць у адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам.
У раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя паведамілі, што падрыхтаваны праект дакумента “Аб перайменаванні заказніка мясцовага значэння “Крыніца без назвы” ў крыніцу “Кіпячка”. Менавіта апошняй назвай карыстаюцца жыхары навакольных вёсак. І ў хуткім часе яна стане афіцыйнай для прыгожага прыроднага помніка.
Наталля ПАРХОМЧЫК.